Мастацкі почырк майстра

30 августа 2012

Мастацкі почырк майстра

Здавалася б, ці можна спалучыць творчасць з выкананнем адміністрацыйных абавязкаў? Аказваецца – можна! Праўда, пры адной умове – калі адміністрацыйная пасада непасрэдна звязана з творчым працэсам. Напрыклад – пасада дырэктара музея. Сённяшні наш расповяд пра дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Уладзіміра Іванавіча Пракапцова. Сваю дарослую працоўную дзейнасць пачынаў на Лепельшчыне, яшчэ ў сярэдзіне 1970-ых гадоў быў прызначаны на пасаду сакратара раённага камітэта камсамола, займаўся пераважна пытаннямі культуры. А каму імі і займацца было, як не яму – нядаўняму выпускніку мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута. 

 Першыя ж працоўныя крокі Уладзіміра Іванавіча якраз і адбываліся на Лепельшчыне. Сёння мала хто з лепяльчан можа ўспомніць маладога сакратара райкама камсамола, яго намаганні па арганізацыі культурных мерапрыемстваў, вольнага часу. Ды і, шчыра прызнацца, малады перспектыўны чалавек ненадоўга затрымаўся ў раёне, яго заўважылі, павысілі, так Уладзімір Іванавіч апынуўся ў Мінску.
 У Савеце Міністраў Уладзімір Пракапцоў займаўся тым жа, з чаго пачынаў сваю працоўную дзейнасць – пытаннямі культуры. Аднак пры гэтым не пакідаў і сваёй першай прыхільнасці – мастацтва. Ён маляваў карціны на розныя тэмы, дабіўся прызнання, працы майстра знаходзяцца ў многіх знакамітых калекцыях. Сам Уладзімір Пракапцоў удастоены ганаровага звання Ганаровага акадэміка Акадэміі мастацтваў Расіі, мае навуковую ступень кандыдата мастацтвазнаўства, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі ў галіне музеязнаўства (у складзе калектыва). Акрамя гэтага ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны, расійскім ордэнам Дружбы, медалём Аляксандра Пушкіна, ордэнамі праваслаўнай царквы. 

Ужо некалькі гадоў Уладзімір Іванавіч займае адказную пасаду дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. За гэты час рэалізаваны шэраг праектаў як нацыянальнага, так і міжнароднага маштабаў. Адзін з апошніх – выстава скарбаў са збораў каралёў Англіі ХVІІ – ХVІІІ стагоддзяў.

Уладзімір Пракапцоў не парывае сувязяў з Лепельшчынай. Раённы краязнаўчы музей арганізуе сумесныя праекты. Разумееце, маштабы раённага музея часцяком не дазваляюць замахнуцца на вялікую, сур’ёзную задачу, напрыклад, паказаць творы знакамітых мастакоў ці скульптараў, зорак першай велічыні. Уладзімір Іванавіч сваім аўтарытэтам дапамагае нам рэалізаваць шматлікія праекты, якія б мы самі адолець не змаглі.

Апошнім сумесным праектам была выстава ў Лепелі работ знакамітага беларускага мастака Івана Хруцкага, прадстаўленая Нацыянальным мастацкім музеем. Многія, на вялікі жаль, нават імя гэтага не чулі, а між тым ён – адзін з найвялікшых жывапісцаў Бацькаўшчыны. Даволі шмат было экскурсій са школ. Натуральна, што дзеці ўпершыню пачулі пра такога мастака, хоць на свае вочы пабачылі яго знакамітыя партрэты і нацюрморты – і тое добра.

Дзякуючы старанням Уладзіміра Іванавіча адбыліся выставы лепельскіх мастакоў у Мінску і іншых гарадах рэспублікі. Майстры Дома рамёстваў выстаўлялі свае працы ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея ў Раўбічах. Вядома, лепельскія майстры, іх творы вядомы далёка за межамі Лепеля, аднак выстаўная пляцоўка Нацыянальнага мастацкага музея рэспублікі – гэта вышэйшы ўзровень.
 
 Да свята горада прымеркавалі рэалізацыю некалькіх праектаў. Па-першае, восьмага верасня адбудзецца адкрыццё выставы карцін знакамітага беларускага мастака першай паловы ХХ стагоддзя Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі. Для многіх творчасць гэтага жывапісца будзе адкрыццём. Разам з тым у нас пройдзе прэзентацыя выдадзенай у выдавецтве “Беларусь” у серыі “Славутыя мастакі Беларусі” кнігі пра Бялыніцкага-Бірулю. Аўтар – Ганна Трусевіч. 

Акрамя гэтага рэалізуецца не зусім прывычны для Лепеля праект -- выстава адной карціны. Аўтар – Уладзімір Пракапцоў. Так, Уладзімір Іванавіч за адміністрацыйнай працай не закінуў пэндзаль і фарбы. Карціна “Раніца юнага мая” пачала пісацца ў 1997 годзе на плэнэры на дачы Бялыніцкага-Бірулі і прысвечана майстру. Работа доўжылася дзесяць гадоў, неаднойчы змянялася. У любым выпадку раю пазнаёміцца з высокім мастацтвам і знайсці вольны час для наведвання музея.

Васіль МАТЫРКА