Мацнейшыя – лепельскія дарожнікі

5 марта 2012

Мацнейшыя – лепельскія дарожнікі

У Лепелі прайшла 5-я зімовая спартакіяда дарожна-эксплуатацыйных участкаў рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаўтадар”. Удзельнічалі дзевяць камандаў з Лепеля, Віцебска, Полацка, Паставаў, Браслава, Глыбокага, Сянна, Оршы і каманда апарата кіравання РУП.

 На спаборніцтвах па дартсе трапна кідае дроцік у мішэнь тэхнік-дыспетчар ДЭУ-37 Аляксандр Азаронак. Аляксандр перамагае. Сярод жанчын другое месца займае сакратар ДЭУ-37 Вікторыя Варган. У агульнакамандным заліку лепяльчане становяцца пераможцамі.

 Раз за разам узлятае ўгору 24-кілаграмовая гіра ў руцэ вадзіцеля МАЗа Алега Мацулевіча, які на мінулай летняй спартакіядзе дарожнікаў у вагавой катэгорыі 70 кілаграмаў заняў трэцяе месца. Сёлетнія вынікі цяжкаатлета засталіся такімі ж. У агульнакамандным заліку па гіравым спорце лепяльчане сталі сёмымі. Самымі дужымі паказалі сябе аршанцы.

 Упарта цягнулі канат палачане – нікому не паддаліся. Лепяльчане перацягнулі толькі дзве каманды і сталі сёмымі.

 На аўтадроме мароз і сонца дзень цудоўны стварылі. На кіламетровай лыжнай дыстанцыі, якую пераадольвалі старэйшыя за 35 год мужчыны, наперад вырываецца вадзіцель ДЭУ-37 Сяргей Шасцітка. Ён і прыходзіць да фінішу першы. Ва ўзросце да 35 год другім двухкіламетроўку пераадолеў вадзіцель ДЭУ-37 Павел Стэльмах. Агульны вынік выклікае апладысменты балельшчыкаў. Нашы перамаглі!
 На лыжню для лыжнай эстафеты становіцца наша каманда ў складзе пераможцы па лыжных гонках Сяргей Шасціткі, прыбіральшчыцы Ганны Адзінокай і дыспетчара Уладзіміра Мяфодзьева. І зноў – перамога.

 Рыбаловы асядлалі лёд возера Доўгага (кордзіцкага). Аднак халадэчу аматары падлёднай рыбнай лоўлі вытрымалі мужна. Пасля судзейскага свістка дзевяць кароткіх зімовых вуд ляглі ў скрынкі. Пачалося ўзважванне здабычы. Найбольш нацягала сакратарка РУП “Віцебскаўтадар” Вольга Аквіт – аж 820 грамаў рыбы. Другім стаў лепельскі вадзіцель МАЗа Віктар Крыўко – 640 грамаў. Так і месцы размеркаваліся ў гэтым спаборніцтве.

 Суддзі падлічылі ачкі. Сярод трох лепшых каманд лепельскія дарожнікі набралі 56, абласныя ўпраўленцы – 54, глыбачане – 49. Год таму назад на 4-й зімовай спартакіядзе, якая праходзіла ў Гарадку, лепяльчане былі другімі.

 Уладзімір ШУШКЕВІЧ, фота аўтара
 На здымку: лепельскі асілак Алег Мацулевіч