Міжнародны праект

3 сентября 2012

Міжнародны праект

 Вось ужо на працягу дванаццаці год вядзецца плённае супрацоўніцтва паміж дабрачыннай арганізацыяй “Дамы замест Чарнобыля” (ФРГ), міжнародным дабрачынным грамадскім аб’яднаннем “ЭкаДом” Рэспублікі Беларусь і Лепельскім райвыканкамам. 

 Першым этапам сумеснай работы стала будаўніцтва дамоў для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны ў вёсцы Стары Лепель. Валанцёры -- жыхары Германіі, студэнты навучальных устаноў Беларусі. Выклікае цікавасць арыгінальная тэхналогія будваўніцтва -- пры ўзвядзенні сцен выкарыстоўваюцца доўгія драўляныя стружкі, а пры абсталяванні даху -- чарот -- экалагічна чысты матэрыял. У такім доме заўсёды захоўваецца аптымальная тэмпература: зімой цёпла, а летам -- прахладна.

 У 2005 годзе ў Старым Лепелі было пабудавана восем новых дамоў. Кожны год Стары Лепель пашыраўся на некалькі новых пабудоў, паступова сюды пераязджалі новыя сем’і з чарнобыльскай зоны. Вёска расквітнела літаральна на вачах. Зараз тут налічваецца 26 новых дамоў для перасяленцаў. Маладым сем’ям з Гомельскай вобласці даспадобы прйшоўся наш блакітнавокі край. Бацькі працуюць у гарадскіх арганізацыях і прадпрыемствах, дзеці развіваюць свае творчыя здольнасці ў школе мастацтваў, разнастайных гуртках. 

 Для таго, каб вольны час вяскоўцаў праходзіў цікава і пазнавальна, па ініцыятыве прадстаўнікоў дабрачынанй арганізацыі “Дамы замест Чарнобыля” быў пабудаваны культурна-адукацыйны цэнтр. Кіраўнік цэнтра Людміла Супеева і яе аднадумцы Вольга Дзямко і Святлана Тухта сталі аўтарамі цікавага праекта “Жыццё пажылых людзей у Германіі і Беларусі”. Праект выйграў міжнародны грант.

 У праграме праекта -- сустрэчы пажылых людзей Лепельшчыны з нямецкімі спецыялістамі. Нашы землякі наведаюць Германію, дзе пазнаёмяцца з умовамі жыцця пажылых немцаў. 

 Пастаянныя госці на Лепельшчыне -- Эдэльтраўд Шыл, Ульрыке Егер і Хінрых Русмаер. Яны маюць вялікі жыццёвы вопыт, актыўна падтрымліваюць новыя ідэі, карысныя прапановы мясцовых жыхароў. 76-гадовы Хінрых Русмаер у час чарговага візіту на Лепельшчыну у культурна-адукацыйным цэнтры прачытаў лекцыю аб жыцці пажылых людзей у Германіі, якая суправаджалася паказам слайдаў, дыяграм і графікаў. Ульрыке Егер не першы год узначальвае валанцёрскую групу з нямецкага горада Бюндэ. Валанцёры з Германіі, асноўную колькасць якіх складаюць студэнты, у летні час праводзяць рамонт жылля адзінокіх састарэлых людзей, пазнаюць іх жыццё.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ