“Мову матчыну шануйце!”

15 марта 2012

“Мову матчыну шануйце!”

У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча сяброў літаратурна-музычнага клуба “Выток” з чытачамі. На сустрэчу прыйшла група навучэнцаў дзяржпрафліцэя.

 Прывітальнымі словамі пачалі сустрэчу гаспадары чытальнай залы. З выступлення бібліятэкараў прысутныя даведаліся пра цікавыя акалічнасці ўзнікнення Дня роднай мовы. У далёкім 1952 годзе ў сённяшняй Бангладэш, краіне, якая ў той час уваходзіла ў склад Пакістана, адбылося выступленне студэнтаў за наданне роднай мове бенгалі статусу дзяржаўнай мовы. Людзі былі гатовыя ахвяраваць жыццём за мову, якая стала неаб’емнаю часткаю іх існавання. Яны таксама распавялі пра значэнне нацыянальнай мовы ў жыцці нашай краіны, паведамілі ўдзельнікам сустрэчы, што сёлетні год аб’яўлены Годам кнігі. Такое рашэнне прынята ў мэтах папулярызацыі кнігі, павышэння колькасці чытачоў у краіне, развіцця айчыннай літаратуры, выхавання ў маладога пакалення павагі і любові да роднага слова.

 Кіраўнік літаратурна-музычнага клуба “Выток” Вольга Казакова, якая пачала сустрэчу вершам Анастасіі Грышчук “Мой абярэг” пра родную мову, што
Гучыць матывам салаўіным,
Спявае звонкім галаском,
Жыве у казачных былінах,
Да нівы гнецца каласком…

 Вольга Мікалаеўна распавяла пра меладычнасць матчынага слова, пра значэнне роднай мовы ў жыцці чалавека, пазнаёміла прысутных са сваімі сябрамі-паплечнікамі – “вытокаўцамі”.

 На сустрэчу з чытачамі прыйшлі Святлана Якубоўская, Соф’я Несцярук, Валянціна Ясень, Алег Дымаў.

 Соф’я Несцярук, як і належыць паэтэсе, прамаўляла вершаваным радком:
Родная мова, матчына мова,
Мова бабулі маёй.
Кожнае слова, трапнае слова
Дорыць любоў і спакой.
Дзе не пачую мову другую,
Лепшай няма за маю,
З ёй весялюся, з ёю гарую,
З любым на ёй гавару.

 Паэты прамаўляюць вершамі, і красамоўней іх ніхто не скажа. Менавіта вершаваным выло выступленне і Святланы Якубоўскай. Вось яго кранальныя моманты:
У самым звонкім капяжы –
Жывыя гукі роднай мовы.
Я чую музыку душы,
Я чую музыку любові.
Яна ільецца цераз край
На дол зямны з нябесных высяў.
Мне з ёй вялікі свет адкрыўся
І толькі з ёй прыходзіць май.
Няма музыкі без паэзіі, як і муза не прыходзіць без музыкі. Вядома ж, антуражу творчай сустрэчы паэтаў з чытачамі прыдала музычная аранжыроўка кампазітара і выканаўцы Алега Дымана.

Уладзімір МІХНО
 На здымку: паэты-“вытокаўцы” на сустрэчы ў бібліятэцы