На баксёрскім рынгу

3 июня 2013

На баксёрскім рынгу

У Крупках Мінскай вобласці адбыўся дзявяты рэспубліканскі турнір па боксу, прысвечаны Дню Перамогі. Удзельнічалі падлеткі 1996 – 2002 гадоў нараджэння. У турніры былі прадстаўлены вагавыя катэгорыі ад 35 да 91 кг уключна.

У Крупках Мінскай вобласці адбыўся дзявяты рэспубліканскі турнір па боксу, прысвечаны Дню Перамогі. Удзельнічалі падлеткі 1996 – 2002 гадоў нараджэння. У турніры былі прадстаўлены вагавыя катэгорыі ад 35 да 91 кг уключна.

На турніры Лепельшчыну прадстаўлялі трое маладых баксёраў, выхаванцаў трэнера Аляксандра Канавалава.

У катэгорыі да 35 кілаграмаў выступаў вучань СШ №3 2001 года нараджэння Мікіта Кажэка. Хлопец займаецца боксам толькі адзін год, і ў яго гэта было першае выступленне на падобнага ўзроўню спаборніцтвах. У першым баі Мікіта сустрэўся з Віталем Балговым з Барысава, атрымаў над ім перамогу па ачках. Другі бой, супраць гаспадара рынку Данілы Шышко аказаўся надзіва цяжкім, але таксама пераможным. У выніку лепяльчанін заняў першае месца.

Катэгорыю да 44,5 кг прадстаўляў вучань гімназіі Лёша Пузанаў 1999 года нараджэння. Яшчэ летась хлопец выйграў першынство вобласці па боксу, атрымаўшы па выніках яго першы юнацкі разрад. Таму сёлетні сезон меркаваў адолець таксама паспяхова. У першым баі ўсё так спрыяльна і складвалася, Лёша з яўнай перавагай адолеў Кірыла Кір’янава з Мінска. А вось у другім баі яго сапернікам стаў зноў жа мінчанін Лёша Сіраш, які здолеў перайначыць сітуацыю, перамагчы лепяльчаніна па ачках. Аляксей Пузанаў заняў другое месца.

Яўген Маркоўскі, таксама вучань гімназіі, 2000 года нараджэння, біўся ў вагавой катэгорыі да 46 кг. Яго першым сапернікам стаў віцяблянін Максім Міхненка. Перамогу атрымаў Жэня. На другі дзень сапернікам быў Яўген Варчэня з Узды. Бой быў вельмі напружаны, у ім перамог Жэня Маркоўскі. У апошні дзень турніру яго праціўнікам стаў Дзіма Шаўцоў з Веткі, які таксама не здолеў супрацьстаяць Жэневаму напору. Усе тры баі лепяльчанін выйграў па ачках, заняў першае месца.

* * *
Жэня Маркоўскі і Лёша Пузанаў з дзявятага па адзінаццатага мая ўдзельнічалі ў першынстве Віцебскай вобласці па боксу сярод спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў і ўстаноў дадатковай адукацыі памяці Анатоля Колчына.

У першы дзень Жэня баксіраваў з Артурам Бабаянцам з Віцебска, у другі дзень яго сапернікам стаў навапалачанін Данііл Барыс, а ў трэці – віцяблянін Назар Лапуноў. Першыя дзве сустрэчы засталіся за лепяльчанінам, перамога была дасягнута па ачках, а вось у апошняй удача адвярнулася. Напэўна, дала пра сябе ведаць стомленасць некалькіх напружаных дзён. Жэня заняў другое месца.

Лёшу Пузанаву спачатку пашанцавала. Паводле рэгламенту турніру, яму належала баксіраваць толькі двойчы. У першым баі ён сустрэўся з палачанінам Жэнем Карабанём, якога перамог па ачках. Наступным сапернікам быў Уладзіслаў Корсак з Наваполацка. Лёша пацярпеў паражэнне па ачках.

Абодва хлопцы ў сваіх вагавых катэгорыях занялі другія месцы.

Па выніках праведзеных турніраў лепельскія майстры скураной пальчаткі выканалі нарматывы на прысваенне далейшых спартыўных разрадаў.

Васіль МАТЫРКА.