На бульбяным полі

30 сентября 2013

На бульбяным полі

ААТ “Чарэйшчына” мае самыя вялікія плошчы ў раёне пад бульбай – 125 гектараў. Пачатак дня. На мехдвары два трактары з бульбаўборачнымі камбайнамі.

ААТ “Чарэйшчына” мае самыя вялікія плошчы ў раёне пад бульбай – 125 гектараў. Пачатак дня. На мехдвары два трактары з бульбаўборачнымі камбайнамі. Трактарысты Васіль Лобкіс і Сяргей Плігаўка вядуць рамонт тэхнікі. Штодня на гэта зранку аддаецца па дзве – тры гадзіны. Інакш нельга – тэхніка даволі старая. Сяргееў камбайн 2008 года выпуску, Васілёў – 2006-га. У той жа час рэсурс трываласці бульбаўборачных камбайнаў разлічаны на тры – чатыры сезоны, у наступныя гады яны ўсё часцей і часцей ламаюцца.

Так, у той дзень Сяргей разам са зваршчыкам Аляксандрам Шартухам заварвалі паломку, атрыманую напярэдадні з-за каменя, якіх, дарэчы, багата на палях “Чарэйшчыны”. Васіль жа перарабляў парваны транспарцёр.

Эканамістамі даказана, што вырошчванне бульбы –- справа з даволі высокім сабекоштам. Прыбытковая яна робіцца пры спрыяльнай, высокай адпускной цане. Так, напрыклад, было ў 2010 годзе, калі рэнтабельнасць бульбы склала 85 працэнтаў. Затое летась панеслі невялікія страты. Затрацілі 552 мільёны рублёў, а за продаж ураджаю выручылі толькі 549 мільёнаў.

Чаму ўсё ж такі “Чарэйшчына” трымаецца за бульбу? Найперш – такія стратныя гады –- рэдкасць, зазвычай бульба дае каля дзесяці працэнтаў рэнтабельнасці. Па-другое, гаспадарка мае бульбасховішчы, куды можа змясціць амаль увесь сабраны ўраджай – каля паўтары тысячы тон. На працягу ўсёй зімы клубні перабіраюцца і рэалізуюцца, на атрыманыя грошы купляюць дызельнае паліва, змазачныя матэрыялы.

ААТ “Чарэйшчына” пачала рэалізацыю бульбы. Наколькі культура атрымаецца рэнтабельнай, прыблізна разлічваем разам з галоўным эканамістам гаспадаркі Аленай Давыдавай.

Сёлета плануецца сабраць каля 1500 тон. Папярэдне сабекошт кожнага кілаграма атрымліваецца на ўзроўні 810 рублёў за кілаграм. Таварнасць бульбы сёлета складае 50%, гэта значыць, што толькі 750 тон – вялікія, добрыя клубні, якія можна прадаваць спажыўцам. Астатнія – сярэдняя бульба (насенны матэрыял) і дробная. Атрымліваецца, што мы, каб акупіць расходы, павінны прадаваць таварную бульбу не ніжэй за 1620 рублёў за кілаграм. Пакуль што пакупнікі ў нас бяруць па 1700 рублёў за кг. Зімой і вясной, несумненна, цана падымецца, і той будзе ў прыбытку, хто наладзіць працэс захоўвання гародніны і яе сарціроўкі.

А вось і поле. Там трактар МТЗ-820 бульбакапалкай разганяе пары, на ўскрайку стаяць трактары з пустымі прычэпамі, МАЗы. На полі – групы навучэнцаў з аграрна-тэхнічнага каледжа, дзяржпрафліцэя. Навучэнцам кіраўніцтва гаспадаркі абяцала прэміраваць. Па мільёну рублёў атрымаюць па адным чалавеку ад навучальнай установы, хто збярэ больш бульбы, і па мільёну -- тыя, хто назбірае больш бульбы ў сярэднім за дзень. Некаторыя групы ўдзельнічаюць ва ўборцы па тыдню, а некаторыя ж значна больш.

На дальнім краі – вучні Слабадской сярэдняй школы. 19 хлопцаў і дзяўчат з дзявятага, дзясятага і адзінаццатага класаў пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Валерыя Уладзіміравіча Тухты збіралі клубні, спорна напаўняючы імі трактарны прычэп. Вясковая моладзь, ім гэта справа прывычная. Акрамя таго, што школьнікі атрымаюць заробак, школа атрымае дзесяць працэнтаў ад накапанай вучнямі бульбы. Гародніна будзе прывезена ў школу і будзе выкарыстоўвацца для прыгатавання абедаў. Словам, такое супрацоўніцтва будзе выгадна ўсім удзельнікам.

За працэсам на полі назірае аграном Ігар Парахонька.  У сярэднім ураджайнасць  – каля 120 цэнтнераў з гектара. Садзілі свой насенны матэрыял, сорт Скарб трэцяй рэпрадукцыі. Акрамя гэтага, вясной на Талачынскім кансервавым заводзе набылі чатыры тоны элітнага насеннага матэрыялу сорту Чарадзей. Хапіла на адзін гектар. Яго яшчэ не капалі, усё ж спадзяёмся, што эліта не падвядзе. Мяркуем атрымаць дзесяць тон насеннай бульбы першай рэпрадукцыі, каб патроху пашыраць плошчы, замяняць састарэлыя сарты.

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: слабадскія школьнікі на бульбяным полі.
Фота аўтара.