На шляху выпраўлення

27 марта 2012

На шляху выпраўлення

Назіральная камісія пры райвыканкаме створана для аказання дапамогі ў працоўным і бытавым абуладкаванні асоб, якія за свае правапарушэнні ўжо адбылі адпаведнае пакаранне або працягваюць яшчэ несці такую адказнасць, толькі непасрэдна не звязаную з пазбаўленнем волі.

 На чарговым адкрытым пасяджэнні разгледжана пытанне аб рэсацыялізацыі асоб, якія вярнуліся з месц пазбаўлення волі.

 Аб магчымасцях працаўладкавання на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу раёна і стварэнні такім грамадзянам у сельскай мясцовасці належных умоў для пражывання расказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч.

 Канкрэтныя прыклады па рабоце з такой катэгорыяй насельніцтва прывяла галоўны спецыяліст аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Валянціна Мянькова.

 Спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алеся Кулак праінфармавала аб дапамозе асобам, што вярнуліся з месц пазбаўлення волі.

 Урач-нарколаг установы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ” Зоя Курсо азнаёміла з практыкай праходжання медыцынскага агляду людзьмі, якія ў мінулым былі правапарушальнікамі, і аказання ім паслуг па кадаванню, лячэнні ад алкагалізму.
 Затым адбыліся індывідуальныя гутаркі з запрошанымі на пасяджэнне грамадзянамі. Як аказалася, адзін з іх ужо працуе па спецыяльнасці ў ПМК-75, аднак астатнія ўсё ж маюць патрэбу ў канкрэтнай дапамозе. У прыватнасці, было прынята рашэнне дваіх накіраваць на работу ў КУВП “Бароўка”. Маюцца вакансіі для такіх людзей і ў сферы сельскагаспадарчай вытворчасці. А калі адзін з запрошаных паведаміў, што наогул яшчэ не набыў належную, сталую прафесію, ён быў накіраваны на перападрыхтоўку. Павінна быць вырашана і праблема з жыллёвым, бытавым абуладкаваннем таго ж Аляксандра Мілаева, які стаў на шлях выпраўлення. Тым больш, што гэтаму чалавеку ўзяўся дапамагчы старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Марціновіч, які аб выніках зробленага паведаміць на чарговым пасяджэнні камісіі.

 Аляксандр ШЫДЛОЎСКІ,
намеснік старшыні райвыканкама