На службу Айчыне

29 мая 2013

На службу Айчыне

У актавай зале раённага дома культуры прайшла яшчэ адна знамянальная для многіх маладых лепяльчан падзея – ім уручылі павесткі для прызыву на тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзерве.

У актавай зале раённага дома культуры прайшла яшчэ адна знамянальная для многіх маладых лепяльчан падзея – ім уручылі павесткі для прызыву на тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзерве. Усяго ў бягучы прызыў у вайсковыя часці будуць накіраваны 49 прызыўнікоў з Лепельскага раёна. 

 Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца часці сіл спецыяльных аперацый: 103-яя Віцебская гвардзейская асобная мабільная брыгада, 5-ая асобная брыгада спецыяльнага прызначэння і 1-ая асобная спецыяльная мабільная брыгада ўнутраных войскаў МУС. Каб стаць салдатам любой з гэтых часцей, трэба адпавядаць павышаным патрабаванням: мець выдатнае здароўе, валодаць высокімі маральна-дзелавымі якасцямі, не мець прыводаў у міліцыю, а тым больш – судзімасцяў. У сілы спецыяльных аперацый у бягучы прызыў выбраны 15 хлопцаў, сярод іх Аляксандр Латушкін, Дзмітрый Іваноўскі, Віктар Арынахін, Аляксандр Урбан, Максім Кузьмянкоў, Яўген Іваноў.

З не меншай ахвотай служаць лепяльчане ў часцях Заслонаўскага гарнізона. Пра іх службу выказаліся прадстаўнікі 231-ай артылерыйскай брыгады, 427-ага рэактыўнага артылерыйскага палка, 3609-ага артылерыйскага склада боепрыпасаў. Ад камандавання гэтых часцей была выказана падзяка Наталлі Іванаўне Гайко, маці наводчыка яфрэйтара Міхаіла Гайко; Юрыю Уладзіміравічу і Галіне Мікалаеўне Залатухам, бацькам механіка-вадзіцеля радавога Руслана Залатухі; Аляксандру Аляксандравічу і Ганне Рыгораўне Канопкам, бацькам камандзіра аддзялення радавога Яўгена Канопкі; Ірыне Уладзіміраўне Ярмаш, маці вадзіцеля радавога Ігара Ярмаша; Аляксандру Васільевічу і Алене Сцяпанаўне Ліпіным, бацькам камандзіна аддзялення сяржанта Яўгена Ліпіна. Хлопцы ўжо служаць у арміі, выдатна праявілі сябе ў справе авалодання баявой тэхнікай.

На ўрачыстасцях вітальныя словы казаў старшыня прызыўной камісіі Лепельскага раёна намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін, пра святы абавязак абароны Айчыны напомніў і святар Сергій Ляшкевіч.
 Законам Рэспублікі Беларусь “Аб статусе ваеннаслужачага” прызыўнікам прадугледжаны многія сацыяльныя гарантыі. Аднак і акрамя гэтага кіраўніцтва прадпрыемстваў, з якіх прызываюцца маладыя людзі, прыняло рашэнні аб уручэнні ім памятных падарункаў.

Ад імя прызыўнікоў выступіў Антон Ляўковіч, які будзе праходзіць тэрміновую ваенную службу ў вайсковай часці №2034 пагранічных войскаў у Полацку. 

Для прызыўнікоў артысты раённага дома культуры наладзілі святочны канцэрт.

Васіль МАТЫРКА.