На зялёных стадыёнах

14 июня 2013

На зялёных стадыёнах

У рамках абласной спартакіяды школьнікаў прайшлі футбольныя матчы, у якіх удзельнічала і каманда Лепельскага раёна. Большасць яе склалі вучні Бароўскай сярэдняй школы і гімназіі пад кіраўніцтвам трэнераў Віктара Мацюшэнкі і Аляксандра Прыцкера.

 У пачатку месяца прайшлі занальныя гульні ў Оршы, дзе шэсць каманд аспрэчвалі пуцёўку на фінал. Лепельская каманда выйграла ўсе матчы. Юныя футбалісты ў суме забілі 12 галоў, прапусціўшы ў свае вароты толькі тры. Такім чынам яны атрымалі права змагацца ў фінале, які праходзіў у Полацку. 

 Разам з лепяльчанамі на чэмпіёнскі тытул прэтэндавала каманда з горада Полацка. 

Фінальны матч з першых хвілін прыняў самы востры, прынцыповы характар. Лепяльчане раз за разам арганізоўвалі атакі ў бок варот саперніка, тыя не заставаліся ў даўгу, праводзілі небяспечныя, імклівыя контратакі. Полацкая каманда – традыцыйна моцная на ўсіх лініях поля: вароты, абарона, нападзенне. У сярэдзіне гульні вызначыўся нападаючы з Бароўкі Дзяніс Агрызка, які забіў прыгожы мяч. 

Амаль да канца гульні трымаўся лік 1:1, ні адна каманда не магла пераламіць сітуацыю на сваю карысць. На гарызонце ўжо маячыла гульня ў даданы час, калі палачане за чатыры хвіліны да фінальнага свістка забілі такі жаданы для сябе гол.
 Як ярасна ні атакавалі лепяльчане, усё ж полацкія футбалісты свае пазіцыі трымалі цвёрда. 

 - Другое месца ў спартакіядзе – не той вынік у пачатку футбольнага сезона – 2013, - з горыччу кажа трэнер Віктар Мацюшэнка. - Але наперадзе – новыя старты, сярод якіх галоўныя – спаборніцтвы вясковых каманд “Каласок” і чэмпіянат дзіцячых каманд на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба “Скураны мяч”.

Васіль МАТЫРКА.