На злом галавы

17 июля 2013

На злом галавы

 Менавіта такім народным выслоўем можна ахарактарызаваць стыль язды некаторых кіроўцаў. Дарэчы, аддзяленнем ДАІ РАУС за паўгоддзе выяўлена 3349 парушэняў правілаў дарожнага руху – на 140 больш, чым за аналагічны перыяд летась. Адзін з самых трывожных радкоў – перавышэнне хуткасці руху, такіх аматараў паліхачыць прыпынілі 567. нецвярозых вадзіцеляў выяўлена 105 чалавек, не мелі права кіравання і селі за руль – 140. трэба прызнаць, што і пешаходы часта не з’яўляюцца ўзорам карэктных паводзін на вуліцах і дарогах, яны парушылі правілы 287 разоў.
 За гэты ж перыяд удвая – з пяці да дзесяці – павялічылася колькасць зарэгістраваных дарожна-транспартных здарэнняў. У іх загінулі пяць чалавек (на тры больш, чым летась), атрымалі раненні – 10 (на два больш).
 Уражваюць наступныя выпадкі аварый. У святочны дзень, трэцяга ліпеня ў 18.50, на адной з вуліц вёскі Баброва не размінуліся двое аднавяскоўцаў. З аднаго боку ехаў Ю. на машыне “Фольксваген-Пасат”, яму насустрач на матацыкле ІЖ рухаўся В. На вуліцы В. Маргевіч адбылося лабавое сутыкненне настолькі моцнае, што ў выніку яго ў аўтамабіля аказалася разбітай уся пярэдняя частка, матацыкл ад удару загарэўся. Матацыкліст вылецеў з сядла, ударыўся аб лабавое шкло “Фольксвагена”. У выніку В. даставілі ў раённую бальніцу з вельмі цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі. У ходзе праверкі высветлілася, што кіроўца матацыкла не меў права на кіраванне транспартнымі сродкамі. Хто ж аказаўся вінаватым у ДТЗ, пакажа далейшая праверка.
 Увогуле, святочныя дні часта абарочваюцца галаўным болем для аўтаінспектараў. Напрыклад, аварыя адбылася на Купалле на дарозе ад Чарэйшчыны да трасы Мінск – Віцебск. Паводле сведчанняў відавочцаў, падзей разгортваліся наступным чынам. Сям’я днём адзначыла свята, увечары ляглі спаць, машына “Форд-Фіеста” стаяла на сваім месцы. Увечары дачка Д. 1993 года нараджэння задумала прыехаць у клуб на танцы. Завяла машыну. Маладыя людзі, якія былі ў клубе на той час, казалі, што яна на машыне “ледзь упісвалася ў габарыты дарогі”. На танцах дзяўчына выпіла яшчэ піва, сабралася “паехаць пакатацца”. Убачыўшы гэта, свае паслугі кіроўцы прапанаваў цвярозы П., жыхар Курмялёўкі, 1995 года нараджэння, навучэнец ліцэя. Ні яго нікога з прысутных не насцярожыла, што малады чалавек не меў права кіравання транспартнымі сродкамі. На адным з участкаў ён не справіўся з кіраваннем, машыну занесла і перакуліла. Зрабіўшы поўны абарот праз дах, “Форд” зноў стаў на колы. У машыне сядзелі трое, траўмы атрымала толькі Д.
 Мяркую, прыведзеныя прыклады павінны навесці на сур’ёзны роздум усіх, хто хацеў бы пракаціцца з ветрыкам.
Аляксандр ТРУСАЎ,
начальнік АДАІ РАУС,
маёр міліцыі.