Нязгасная “Зорка надзеі”

21 декабря 2011

Нязгасная “Зорка надзеі”

Раённы фестываль творчасці інвалідаў “Зорка надзеі” праводзіўся ў шосты раз. Яркім пачаткам мерапрыемства стала выстава твораў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якая была падрыхтавана ў фае  раённага Дома культуры.

 Мілагучныя акорды песень усіх паклікалі ў глядзельную залу РДК. З цёплымі словамі прывітання да ўсіх гасцей звярнуўся начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Васіль Рававы.

 Ужо з першых акордаў песні гледачы апынуліся ў мастацкім віры, дзе ў адзінай гармоніі спалучыліся шчымлівыя акорды музыкі і песні. Дзяніс Аблавушка, вядомы ў нашым раёне выканаўца, які неаднаразова займаў прызавыя месцы на абласных фестывалях і конкурсах, прызнаўся, што ў яго ёсць запаветная мара - выканаць усе песні з рэпертуару Стаса Міхайлава. На суд гледачоў Дзяніс вынес дзве песні, якія нікога не пакінулі раўнадушным.

 Гледачы цёпла сустрэлі таксама выступленне Сяргея Асоўскага, які пад гітару выканаў дзве песні – “Аранжавае сонца” Д.Майданава і “Снегіры” В.Трафімава.

 Гледачы не шкадавалі цёплых апладысментаў у адрас нашых гасцей з Сянно. Бадзёрымі акордамі песень прывітаў гледачоў Сяргей Назараў. “Усё не выпадкова” – так называўся верш, які выдатна прачытала Вераніка Бараноўская. Разам са сваёй сяброўкай Ірынай Дзямешчык Вераніка выканала песню аб сяброўстве. Арганічным дапаўненнем сцэнічнай дзеі стала выступленне Ільі Сенатарава. Валянціна Кісель прачытала цудоўныя вершы, прысвечаныя Лепелю. Дню Вялікай Перамогі. Апошні верш напісаў паэт Анатоль Булыценка. Гледачы не шкадавалі цёплых апладысментаў, калі на сцэну выйшлі ўдзельнікі ансамбля народнай музыкі “Іграй, гармонь!”. Удзельнікі ансамбля -- неаднаразовыя лаўрэаты фестываляў “Клопат” і “Іграй, гармонь!”. Салісты Генадзь і Вольга Камароўскія выканалі вясёлую народную песню, а астатнія ўдзельнікі ансамбля зрабілі для іх выдатны акампанемент. На гармоніку сыграў Генадзь Матырка, на бубне -- Дзяніс Аблавушка, а на трашчотцы -- Юлія Рамільцава. Пазней да самадзейных музыкаў далучылася баяністка Раіса Дзямко, разам з якой быў цудоўна выкананы твор “Карабейнікі”. Народнай песняй і вершамі прывітала гледачоў самадзейная артыстка Галіна Грыгаровіч. Узняла настрой гледачам выступленне Алы Весяловай, якая прачытала верш аб каханні і байку “Жыў-быў з Казою шэранькі Козлік…” Свае музычныя сюрпрызы прыпаднёс і пастаянны госць фестывалю, самадзейны спявак Васіль Сафіулін.

 Як адзначыў напрыканцы фестывалю начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Андрэй Пшонка, усе выступленні атрымаліся яркія, каларытныя і кожнаму з іх уласцівая індвідуальнасць. Творы, якія выканалі самадзейныя артысты, глыбока ўразілі гледачоў і таму кожны з выканаўцаў заслугоўвае найлепшай узнагароды. Пад шчырыя апладысменты былі ўручаны Ганаровыя граматы і памятныя падарункі кожнаму з удзельнікаў фестывалю -- самадзейным артыстам і майстрам дэкаратыўна-прыкладной творчасці – майстры вышыўкі і вязання Алене Жарнасек, Вадзіму Вашкевічу, удзельнікам гурнтка дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясёлка” – Ірыне Шалак, Дзмітрыю Гаўрушыну, Сяргею Аксяновічу, Уладзіміру Ханяку, Сяргею Унуковічу, Ігару Манькоўскаму, Аляксею Шаўчэнку і Наталлі Агеенка. Удзельнікам гуртка “Вясёлка” былі падораны чайны сервіз і духмяны пірог.

Кожны з гледачоў пакідаў залу раённага Дома культуры з невыказнай цеплынёй. Яна зыходзіць з глыбіні шчырых і адкрытых сэрцаў людзей, якія ўмеюць радавацца жыццю і дарыць станоўчыя эмоцыі акружаючым.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ