Падарункі да свята

16 сентября 2011

Падарункі да свята

За прайшоўшы год працаўнікі малочнакансервавага камбіната здолелі нарасціць аб’ёмы вытворчасці, пашырыць геаграфію паставак прадукцыі, павялічыць наменклатуру тавараў народнага спажывання. Пра апошняе падрабязней.

 Пакупнікі заўважылі, што сярод прывычнага сметанковага масла “Сялянскае” тлустасцю 60% і 72,5% у продажы з’явілася масла “Лепельскае” тлустасцю 80%. У чым жа адрозненне, акрамя гэтых працэнтаў?

 Менавіта ў тлустасці і заключаецца, бо гэта не проста лічбы, за імі больш важкае значэнне. Чым большая тлустасць, тым менш у прадукцыі вільгаці, тым вышэйшы яе клас. З іншага боку, кожны пакупнік вызначае самастойна, які прадукт яму набываць: больш тлусты ці больш посны. Калі выбіралі назву новага масла, падалі ідэю, каб яго назваць “Лепельскае”, каб такім чынам яшчэ раз напомніць людзям пра наш горад. А тыя, хто яшчэ не ведаў пра яго, няхай пакаштуюць.

 Вытворцы аператыўна адгукнуліся на просьбы спажыўцоў, асвоілі выпуск некалькіх гатункаў марожанага ва ўпакоўках па паўкіло і кілаграму. Сярод апошніх лідзіруюць па папулярнасці “Сметанковае ванільнае класічнае” і “Малочнае”. А марожанае “Люстраное ківі” ў жэлепадобнай глазуры атрымала ганаровую грамату на рэспубліканскім конкурсе “Густ”.

 На прадпрыемстве выпускаюцца 24 віды цэльнамалочнай прадукцыі, з іх два – новыя, прадстаўлены спажыўцу літаральна ў бягучым месяцы. Многія дарослыя памятаюць смак шакаладнага малака ў сваім дзяцінстве. Для іх, а ў большай ступені для дзяцей -– малочна-шакаладны кактэйль “Салодкае жыццё” ва ўпакоўцы па паўлітра. Першыя дні продажаў выявілі вялікую цікавасць лепяльчан і гасцей горада да навінкі, на дзень візіту карэспандэнта на складзе не засталося ні адной упакоўкі.
 
 Другая цэльнамалочная навінка – біятварог пяціпрацэнтнай тлустасці. У прынцыпе, у малочных крамах ёсць розныя тварагі тлустасцю ад двух да дзевяці працэнтаў. Адметнасць новага ў тым, што ён вырабляецца пры дапамозе біфідабактэрый, вельмі карысных для здароўя стрававальнай сістэмы.

 Апошнім часам у продаж паступіла яшчэ адна навінка – сухое абястлушчанае малако ва ўпакоўцы па 0,5 кг. Раней гэты прадукт не лічыўся таварам народнага спажывання, а прадаваўся ў асноўным на харчовыя прадпрыемствы як паўфабрыкат для далейшай перапрацоўкі: у выпечку, кулінарыю і інш. Першыя партыі сухога абястлушчанага малака паказалі, што гэты тавар – запатрабаваны на спажывецкім рынку.
 Паколькі на МКК працуюць дасведчаныя, спрактыкаваныя тэхнолагі, распрацоўка і ўкараненне ў вытворчасць новых відаў прадукцыі праходзіць вельмі хутка. Літаральна за некалькі месяцаў аддзяляюць прынцыповую задуму ад увасаблення яе ў першай партыі таварнай прадукцыі.

Васіль МАТЫРКА