Памятны знак у Бароўцы

12 августа 2011

Памятны знак у Бароўцы

Ля цэнтра культуры і вольнага часу ў Бароўцы  урачыста адкрывалі памятны знак у гонар землякоў-інтэрнацыяналістаў. Для бараўчан гэта падзея асабліва актуальная, бо яшчэ з савецкіх часоў носіць статус ваеннага гарадка, была насычана вайсковымі часцямі і падраздзяленнямі. Многія салдаты і афіцэры гэтых часцей праходзілі службу ў Афганістане, іншых гарачых кропках. Таму для жыхароў Бароўкі было важным увекавечыць памяць тых, хто ў свой час выканаў загад, выступіў на абарону інтарэсаў вялікай краіны – СССР.
 
 Ініцыятарамі добрай справы выступілі ветэраны-афганцы з пярвічнай арганізацыі Бароўкі, пярвічкай кіруе Сяргей Расказаў. Іх падтрымалі простыя жыхары, кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў: КУВП “Бароўка”, рэабілітацыйны цэнтр “Жамчужына”, ДРБУ-202. Фінансава па меры сіл дапамагло Лепельскае аддзяленне Фонду Міру. Кіраўніцтва сельсавета ажыццяўляла каардынацыю дзеянняў. Пакрысе збіраліся грошы на памятны знак, будматэрыялы. Уладзімір Маляўка, Валерый Васілеўскі, іншыя ветэраны-афганцы некалькі дзён працавалі з рыдлёўкамі, рыхтуючы пляцоўку, укладваючы тратуарную плітку.

 Доўга не маглі канчаткова вызначыцца з месцам устаноўкі помніка. Урэшце прыйшлі да канчатковай высновы, што найлепшае для яго месца – пляц ля цэнтра культуры і вольнага часу – былога Дома афіцэраў. Па другі бок яго стаіць помнік у гонар партызанаў, якія праславіліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Салдаты, абаронцы розных пакаленняў, верныя прысязе і загаду, аддавалі свае жыцці за Радзіму. Цяпер іх памяць уганаравана ў камені.

 У пачатку мітынгу прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто аддаў свае жыцці ў канфліктах далёка за межамі Радзімы, хто памёр пасля ад атрыманых ран. Першым выступіў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін. У сваёй прамове ён прывёў цытаты з кнігі ўспамінаў колішняга ворага Савецкага Саюза, былога супрацоўніка англійскай ваеннай разведкі, які некалькі гадоў таму апынуўся ў Афганістане. На яго здзіўленне, простыя афганцы ўспаміналі прысутнасць у іх краіне савецкіх салдатаў, шураві як найлепшы час у гісторыі іх Радзімы. Афганістан раздзіралі то грамадзянскія войны, то войны супраць знешніх захопнікаў. Перыяд савецкай прысутнасці – адзіны час, калі нехта клапаціўся не толькі пра вайну, знішчэнне ворагаў, а і пра пад’ём эканомікі, будаўніцтва прадпрыемстваў, распаўсюджванне кваліфікаванай медыцыны, адукацыі. Нават электрыфікацыя з пакіданнем шураві стала для многіх афганцаў далёкім, але цёплым, удзячным успамінам.

 Настаяцель бароўскага храма айцец Уладзімір правёў кароткі малебен у памяць тых, хто загінуў на палях бітваў за Айчыну і асвяціў помнік.

 На адкрыцці прысутнічалі госці – дэлегацыя ад раённай арганізацыі ветэранаў-інтэрнацыяналістаў з горада Бярозы Брэсцкай вобласці, дзе дзейнасць па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення пастаўлена на даволі высокі ўзровень. Прыехаў і старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, які ацаніў дзейнасць Лепельскай раённай арганізацыі і яе старшыні Сяргея Крывяля вельмі высока, як адну з лепшых у вобласці.

 Пасля завяршэння мітынгу ў актавай зале цэнтра культуры і вольнага часу прайшло пашыранае пасяджэнне абласнога савета арганізацыі ветэранаў-афганцаў, на якім было абмеркавана шмат вострых і актуальных пытанняў далейшага развіцця і дзейнасці ветэранскага руху.