Пераможныя паядынкі

25 апреля 2013

Пераможныя паядынкі

Больш за два месяцы доўжыўся адкрыты чэмпіянат Лепельскага раёна па міні-футболе. “Адкрыты” – азначае тое, што ў спаборніцтвах магла прыняць удзел любая каманда, не абавязкова з Лепельскага раёна. Аднак на працягу двух месяцаў рэгулярна, амаль кожныя выхадныя на гульні ездзіць з іншых раёнаў даволі дорага, таму ў чэмпіянаце ўдзельнічалі толькі лепельскія каманды. 

 Між тым, нават нягледзячы на адсутнасць гасцей, чэмпіянат атрымаўся даволі прадстаўнічы, у ім удзельнічалі больш за дзесяць каманд. Папярэднія гульні праходзілі па кругавой сістэме – па кругу трэба было правесці матчы з кожным сапернікам. 

 У фінал выйшлі чатыры каманды, якія ў папярэдніх гульнях атрымалі максімальную колькасць балаў. Балы налічваліся за выйграныя або прайграныя матчы, улічвалася розніца паміж забітымі і прапушчанымі мячамі.

 Трэцяе і чацвёртае месцы аспрэчвалі каманда аграрна-тэхнічнага каледжа і “Святы Казімір”. Нягледзячы на тое, што ў навучальнай установе вучыцца шмат здольнай у спартыўным плане моладзі, усё ж касцяк футбольнай каманды там складаюць аматары старэйшага пакалення. Гэта, напэўна, і адыграла сваю негатыўную ролю. “Святы Казімір” лепей падрыхтаваўся да адказнай гульні за месца на п’едэстале гонару, яму і дасталася перамога. Дарэчы, у апошнія гады гэта каманда ўсё гучней і гучней заяўляе пра сябе, складаючы сур’ёзную канкурэнцыю шматгадовым фаварытам – камандам РАУС і “Камунальнік” з вёскі Бароўка. Апошнія разыгрывалі паміж сабой чэмпіёнскі тытул. 

 Каманда РАУС летась стала чэмпіёнам раёна па міні-футболу, “Камунальнік” прагнуў рэваншу, таму гульня з самых першых хвілін прыняла востры, прынцыповы характар. Зыходзячы з розніцы забітых і прапушчаных у папярэдніх гульнях мячоў, “Камунальнік” меў некаторую перавагу, для авалодвання чэмпіёнскім тытулам спартсменам з Бароўкі дастаткова было б згуляць фінал унічыю. Камандзе РАУС была патрэбна толькі перамога, таму футбалісты яе адразу рынуліся ў атаку і літаральна на другой хвіліне забілі першы гол у вароты саперніка, тым самым адкрыўшы лік у матчы. На тым не спыніліся, атакі ішлі адна за адной.

 “Камунальнік” ярасным атакам супрацьпаставіў планамерную абарону, у якой вязлі ўсе памкненні сапернікаў, а таксама вострыя контратакі, якія завяршаліся трапнымі стрэламі па варотах. Першы тайм скончыўся зусім нечакана – з лікам 3:1 на карысць “Камунальніка”.

 Спартсмены РАУС праявілі рашучасць і волю да перамогі, змагаліся да самых апошніх хвілін, нават у другім тайме здолелі забіць яшчэ адзін гол, на які сапернікі зноў адказалі трыма. Канчатковы лік матча – 6:2, “Камунальнік” – чэмпіён раёна па міні-футболу. 

  Сезон міні-футболу завяршыўся. Як толькі падсохне трава на стадыёнах, пачнецца сезон футболу вялікага, дзе лепельскія аматары скуранога мяча таксама маюць выдатныя шанцы паказаць высокі клас гульні. У бліжэйшых планах – гульні на Кубак Лепельскага раёна па футболу. Фінальная гульня па традыцыі павінна адбыцца 9 мая на гарадскім стадыёне. Усе жадаючыя маюць магчымасць прыйсці сюды і падтрымаць свае каманды.

Васіль МАТЫРКА.