Песні ля возера

24 июля 2013

Песні ля возера

У суботу амаль усё кіраўніцтва раёна сабралася на полі Ля Возера – так называецца палетак плошчай у 15 гектараў, размешчаны перад заездам у вёску Вялікі Поўсвіж. Асноўнымі героямі дзеі сталі тры бабулі-жнеі і экіпажы збожжаўборачных камбайнаў. У гэты дзень быў дадзены афіцыйны старт уборачнай кампаніі.

 Надзея Паўлаўна Палтарачанка, Анна Іванаўна Валадзько і Яўгенія Паўлаўна Клапаўшчак жывуць у вёсцы Бор Каменскага сельсавета. Без гэтых жанчын не абыходзяцца ні адны зажынкі ў іх родным сельгаспрадпрыемстве ААТ “Чарэйшчына”. Сёлета ж іх запрасілі пачаць жніво ўсяго раёна. 

 Неўзабаве пад’ехалі пяць камбайнаў КУВСГП “Лепельскае”. Вялізныя машыны сталі ў рад, як салдаты ў страі, замерлі на ўскрайку поля.
 Па традыцыі першымі за справу ўзяліся жнеі. Вострыя сярпы спрытна зразалі сцябло за сцяблом, рукі, прывычныя да спрадвечнай сялянскай працы, складалі снапы. Першыя снапы былі ўручаны старшыні Лепельскага райвыканкама Барысу Яфрэмаву, старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалаю Місюру, начальніку райсельгасхарчу Васілю Чарэдніку.
 На стваральную справу блаславіў і канбайнераў, і ўсіх прысутных дабрачынны Лепельскага раёна святар Адам Каляда. Шчырая малітва – важкая дапамога ў любым добрым пачынанні.
 Пасля гэтага некалькі песень праспявалі артысты з ансамбля “Грымзолі”. 

 На гэтым лірыка закончылася, пачалася напружаная праца. Камбайны запусцілі рухавікі і адзін за адным рушылі ў масіў спелай збажыны.

На полі дзяжурыла і пажарная машына, службу няслі вадзіцель Міхаіл Міснік і пажарны Ігар Грыгарэнка. Усяго раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях плануецца штодзённае дзяжурства на палях да васьмі адзінак пажарнай тэхнікі. Справа нежартоўная, пра важнасць яе гаворыць хаця б той факт, што летась за час уборачнай кампаніі байцы аддзела тры разы тушылі полымя. У такой экстрэмальнай сітуацыі ўсё вырашаюць секунды, бо статыстыкай падлічана, што камбайн цалкам выгарае за шэсць – восем хвілін. 

 Старт уборачнай кампаніі дадзены. Высокіх намалотаў!

Васіль МАТЫРКА.