“Пятачок” на пятачку

15 июня 2011

“Пятачок” на пятачку

З нагоды святкавання 10 верасня 2011 года Дня горада Лепеля зацверджаны мерапрыемствы па добраўпарадкаванню, асфальтаванню вуліц Лепеля і рамонту дваровых тэрыторый, якія замацаваны за прадпрыемствамі і арганізацыямі.  Мяркуецца зрабіць пешаходную дарожку па вуліцы Барысаўскі тракт (ад вуліцы Савецкая да Войкава) і заасфальтаваць пешаходную дарожку з будаўніцтвам аўтамабільнай стаянкі па вуліцы Школьная. Асфальтаванне з устройствам пешаходнай дарожкі будзе выконвацца таксама на вуліцах Савецкая і Валадарскага. Укладка тратуарнай пліткі будзе зроблена па вуліцы Чуйкова (ад гандлёвага аб’екта “Санталіна” да аўтарамонтнай майстэрні “Пятае кола”), па вуліцы Партызанская (ад вуліцы Чуйкова да чыгуначнага пераезду). Усе гэтыя работы і рамонт дваровых тэрыторый будуць зроблены сіламі Лепельскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм, ДРБУ-202 і ДБУ-34.

 Прадоўжыцца ўстаноўка камер відэаназірання. Новыя камеры відэаназірання будуць зманціраваны ў цэнтральнай частцы горада, на плошчы Свабоды, у гарадскім парку, на тэрыторыях прадпрыемстваў і арганізацый. Яны з’явяцца ў раённым вытворчым упраўленні “Лепельрайгаз”, на электрамеханічным заводзе, у прафесійным ліцэі, ваенным санаторыі, ДРБУ -202, на аўтавакзале, гарадскім рынку. Такія сучасныя прыстасаванні будуць таксама зладкаваны на будынках універмага, універсама, камбіната бытавога абслугоўвання, паліклінікі. Толькі ЛКУВП ЖКГ “Лепель” у бліжэйшы час набудзе і ўстановіць шэсць камер відэаназірання ў самых розных месцах горада.

  Наколькі зменіцца плошча Свабоды. Так, унесена прапанова аб ўстаноўцы на будынку раённага вузла паштовай сувязі, над цэнтральным уваходам у яго, вялікага гадзінніка, па якому лепяльчане і госці нашага горада змаглі б звяраць час.

 На прылеглай да аддзялення 63 ЦБП № 211 ААТ “АСБ Беларусбанк” тэрыторыі будзе размешчана скульптурная кампазіцыя “Пятачок”. Як вядома, менавіта так многія гараджане сталага ўзросту па-ранейшаму неафіцыйна называюць плошчу Свабоды. Над стварэннем мастацкага твора пад такой своеасаблівай назвай зараз працуе вядомы беларускі скульптар Леў Аганаў, які, як вядома, з’яўляецца аўтарам помніка канцлеру Вялікага княства Літоўскага Льву Сапегу.

 Пры стварэнні скульптурнай кампазіцыі “Пятачок” будзе выкарыстана выява папулярнага героя народных паданняў і легенд Несцеркі – гаваруна, весельчака, працавітага і прадпрымальнага чалавека, што нібыта накіроўваецца на мясцовы кірмаш, каб прадаць на ім змешчаныя ў зручнай і ёмістай торбе, перакінутай цераз плячо, свае самабытныя гліняныя вырабы, якімі здаўна вельмі славіцца Лепельшчына, нездарма ж адной з найбольш праўдападобных версій паходжання назвы нашага горада лічацца словы “лепка”, “ляпіць”. Дарэчы, знайшлося месца ў торбе і дарам лесу – грыбам, ягадам. Прытым, ва ўзнятай уверх над галавой правай руцэ гэты вядомы народны любімец трымае добра вядомую, толькі нашмат павялічаную у памерах пяцікапеечную манету (знакаміты “пятачок” 1805 года, калі Лепелю быў прысвоены статус горада).

 Падпахай левай рукі ў Несцеркі знаходзіцца задзірысты певень – старажытны сімвал раніцы, абуджэння ад сну, якога ў даўніх народных вераваннях лічылі яшчэ і ўвасабленнем духа злакаў, багатага ўраджаю.

 А каля ног Несцеркі ў гэты час бяжыць і лашчыцца авечка – сімвал лагоднасці, пакорлівасці і вясковага жыцця. Не выпадкова таму ў раннім хрысціянскім мастацтве апосталы адлюстраваны ў выглядзе дванаццаці агнцаў.

 І завяршае скульптурную кампазіцыю тое, што ўшчыльную следам за народным фальклорным героем упэўнена рухаецца наперад невялікае пацешнае парася – гэтая дабрадушная свойская жывёліна ў нашых продкаў лічылася сімвалам урадлівасці і працвітання.

Мікалай ГАРБАЧОЎ