Прафілактыка правапарушэнняў

12 апреля 2011

Прафілактыка правапарушэнняў

 

Адбылася семінар-нарада з суб’ектамі прафілактыкі правапарушэнняў Лепельскага раёна. Вёў мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін, прысутнічалі і актыўна ўдзельнічалі намеснік начальніка РАУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Гарус, суддзя суда Лепельскага раёна Фадзей Зінькевіч, намеснік пракурора раёна Міхаіл Пацееў, немеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Таццяна Часнакова, старшыні сельвыканкамаў, прадстаўнікі прадпрыемстваў, працоўных калектываў. Галоўная задача -- выпрацоўка цэласнай і пастаянна дзеючай сістэмы прафілактычнай работы па папярэджанню правапарушэнняў і асабліва – п’янай злачыннасці.

 Найперш трэба пачаць са збору поўнай інфармацыі і яе аналізу. Найбольш дасканала ў гэтым плане працуюць інспекцыі і службы РАУС, яны гадамі збіраюць інфармацыю пра ўсе правапарушэнні, іх асноўных удзельнікаў, вядзецца сістэмная і паслядоўная аналітычная работа. Часта можна назіраць сітуацыю, калі настаўнікі ведаюць пра бядотнае становішча сям’і, а кіраўнікі прадпрыемства, дзе працуюць бацькі, ніяк не рэагуюць. У іх, маўляў, ёсць больш важныя задачы – вытворчасць.

 Важны аспект прафілактычных мерапрыемстваў -– дзейнасць добраахвотных дружын. Так, дружына АТП-14 за паўгода не выйшла на дзяжурства ні разу. Варта распрацаваць і ўкараніць сістэму заахвочвання дружыннікаў, членаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, саветаў прафілактыкі ў іх дзейнасці.

 Несумненнай праблемай названа празмернае ўжыванне алкаголю. Так, за мінулы год 34 % злачынстваў былі ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення. Ужо сёлета трое памёрлі ад спіртнога.

 У рэспубліцы стартуе новая акцыя “Дом без гвалту”. Асноўная яе задача – падключыць усе зацікаўленыя службы і структуры да прафілактычнай работы.

Васіль МАТЫРКА
Фота аўтара

 На здымку: выступае Аляксандр Гарус