Продаж бярозавіку

16 апреля 2012

Продаж бярозавіку

 У рэдакцыю прыйшоў ліст ад работнікаў рамонтна-механічнага завода:
“Прадстаўнікі Лепельскага лясгаса выступаюць па тэлебачанні, у арганізацыях, даводзяць, што самавольна нельга нарыхтоўваць бярозавы сок. Але ў Докшыцкім раёне яго арганізавана прадаюць у лясніцтвах. Чаму гэтага нельга зрабіць на Лепельшчыне? Просім адказаць праз газету. І.В. Тухта, В.К. Чарняўскі, І.І. Казлоў.”

 Пытанне зацікавіла, бо карысць бярозавіку неаднаразова даказана, ды і кошты на яго ў крамах вагаюцца ад пяці да дзесяці тысяч рублёў за літр.
У Лепельскім лясгасе галоўны бухгалтар Алена Гардзіёнак прывяла афіцыйнае паведамленне намесніка начальніка аддзела абласнога камітэта прыродных рэсурсаў Васіля Кірпічонка. У ім гаворыцца, што “Нарыхтоўка грамадзянамі бярозавага соку для асабістых патрэб ажыццяўляецца бясплатна. Аднак кожны, хто хоча заняцца гэтым, павінен абавязкова звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва ці лясгас. Нарыхтоўка дапускаецца толькі ў спелых і перастойных, прызначаных для высечак пасадках.

 У лясніцтвах можна набыць і гатовы бярозавы сок, сёлета ён каштуе 780 рублёў за літр.”

 Алена Уладзіміраўна ўдакладніла, што для лепяльчан сок нарыхтоўвае Стайскае лясніцтва, астатнія большасць прадукцыі будуць накіроўваць у нарыхтоўчыя арганізацыі. Жыхары вёсак могуць звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва.

 Як паведамілі ў Стайскім лясніцтве, у іх сапраўды наладжваецца сістэма продажу насельніцтву бярозавага соку. Для нарыхтоўкі адведзены дзялянкі ў наваколлі вёсак Стараселле і Мядзвёдаўка. Пакупнік павінен прыехаць у лясніцтва, аплаціць пакупку. Потым ён з лесніком ідзе на дзялянку і там проста з-пад бяроз залівае ў сваю тару ужо нарыхтаваны ў поліэтыленавыя мяхі бярозавік.

 Што ж, сок непасрэдна з-пад дрэва – выдатная рэч, пры гэтым гарантавана яго натуральнасць, утрыманне каштоўных рэчываў. Аднак дарога да лясной дзялянкі, асабліва ранняй вясной можа стацца сур’ёзным выпрабаваннем для аўто. Продаж жа нарыхтаванага бярозавіку, як патлумачылі ў лясгасе, немагчымы, бо на тэрыторыі лясніцтваў няма магчымасці наладзіць захаванне соку ў поўнай адпаведнасці з санітарнымі нормамі.

 А як жа рэалізуецца бярозавік у Докшыцах?
Удалося звязацца з інжынерам Бягомльскага лясгаса Генадзем Жылко. З яго паведамлення ясна, што сістэма нарыхтоўкі і продажу насельніцтву – такая ж, як і на Лепельшчыне. Цана – 780 рублёў за літр. Акрамя гэтага, арганізаваны продаж свежага бярозавіку з бочак (у падобных у ранейшыя часы прадавалі квас) на трасе Мінск – Віцебск і ў цэнтры Докшыцаў.
Напомнім аднак, што за самавольную нарыхтоўку бярозавіку прадугледжаны штрафы да 20 базавых адзінак для грамадзян і да 300 БВ – для юрыдычных асоб.

Васіль МАТЫРКА