Прыватная крама

25 марта 2014

Прыватная крама

У Слабадзе адразу кідаецца ў вочы новы прыгожы цагляны двухпавярховы будынак з арыгінальнай шыльдаю на роднай мове “МаляўКава крама”.

У Слабадзе адразу кідаецца ў вочы новы прыгожы цагляны двухпавярховы будынак з арыгінальнай шыльдаю на роднай мове “МаляўКава крама”. Прываблівае арыгінальным дызайнам знадворку, так і карціць адчыніць дзверы ды пацікавіцца, што ж там усярэдзіне.

А ўсярэдзіне – яшчэ лепей: новае сучаснае абсталяванне – вітрыны, халадзільнікі, паліцы і -- мора разнастайных прадуктаў на любы густ, дый не толькі прадукты харчавання. Тут, напрыклад ёсць вітрына з… канцтаварамі, з рознымі дзіцячымі кніжачкамі-расфарбоўкамі. Адным словам, разнастайнасць асартыменту слабадской крамы ніколькі не саступае іншым гарадскім гандлёвым кропкам. А да ўсяго – чысціня, парадак, ветлівыя прадаўцы.

Крама прыватная, належыць прадпрымальнікам Аляксандру і Тамары Маляўкам. Адчынілася літаральна нядаўна, ва ўрачыстай абстаноўцы. Цэлая падзея была ў Слабадзе.

Выступалі артысты мастацкай самадзейнасці з мясцовага цэнтра культуры і адпачынку – танцавалі, спявалі. Разыгрываліся прызы, першым пакупнікам уручаліся падарункі – усё як мае быць. Удзельнічалі ва ўрачыстым адкрыцці крамы і мясцовыя ўлады. А своеасаблівым “рэжысёрам” свята стала гаспадыня новай гандлёвай кропкі Тамара Маляўка.

Зрэшты, у жыцці Тамары Аркадзьеўне не аднойчы даводзілася быць рэжысёрам, і не толькі ў бізнэсе. Яе радзіма – невялічкая вёсачка Гатоўкі на Глыбоччыне. Па адукацыі педагог-псіхолаг, дзяўчына прыехала па размеркаванні ў мясцовую школу яшчэ ў 1992-ім годзе пасля заканчэння МДПІ імя М. Горкага. У Слабадзе сустрэла будучага мужа. Аляксандр Мікалаевіч працаваў інструктарам па спорце ў мясцовай гаспадарцы. Пажаніліся. Жылі напачатку ў школьным інтэрнаце.

Паступова бізнэс зацягнуў Маляўкаў у свой калаўрот. Яно і не дзіўна, бо ў тыя складаныя дзевяностыя пражыць на зарплату вясковым інтэлігентам было не так проста. І Маляўкі апынуліся на рынку. Не ўсё, вядома, атрымлівалася, але да сваёй мэты маладыя людзі ішлі ўпарта, а да ўласнай “цывілізаванай” крамы – дык, мабыць, гадоў з восем, пакуль наладзілі стасункі, заключылі дамовы з пастаўшчыкамі, аформілі неабходную дакументацыю і г.д. Сёння сярод іх пастаўшчыкоў-партнёраў па бізнэсе такія вядомыя фірмы і прадпрыемствы, як “Аліварыя”, “Віцьба”, “Ганна”, Бярозаўскі мясакамбінат і іншыя. У асартыменце малочныя і мясныя прадукты, садавіна, кандытарскія вырабы і г.д.
Прадаўцамі працуюць Дзіна Дзямко і Юлія Занкевіч. Дарэчы, і пра ўмовы працы прадаўцоў гаспадары паклапаціліся таксама. Ёсць належныя складскія памяшканні. Абсталяваны камфортны пакой для адпачынку з мяккай мэбляю, дзе можна пасядзець за кубачкам кавы.

Дарэчы, калі звярнулі ўвагу, у назве новай крамы яўна прачытваецца асобна слова “Кава”. Магчыма, гэта звязана з пэўнымі перспектывамі развіцця гандлёвай кропкі? Якімі? Не будзем апярэджваць час. Жыццё пакажа. Пакуль жа можна сказаць дакладна, што новай крамаю ў аграгарадку задаволены.

Уладзімір МІХНО.