Розныя аспекты жыцця

3 мая 2012

Розныя аспекты жыцця

Акрамя прыёму грамадзян упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка правёў у канферэнц-зале райвыканкама сустрэчу з актывам раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

  На сёння ў складзе раённай арганізацыі каля 430 членаў. Кіруе раённай арганізацыяй дырэктар дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына” Вера Закрэўская.

 У ходзе гутаркі бакі прыйшлі да агульнай высновы, што ў асноўным у дзейнасці “Белай Русі” на Лепельшчыне праблем няма. У арганізацыю ўступалі найбольш актыўныя.

 У сваю чаргу Леанід Паўлавіч заўважаў, што “Белай Русі” варта яшчэ больш актывізоўваць сваю дзейнасць, гучней заяўляць пра сябе. На прыкладзе аднаго з раёнаў ён даводзіў, што варта было б паклапаціцца пра сувенірную прадукцыю з сімволікай грамадскага аб’яднання.

 Закраналіся і іншыя пытанні. Намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін падняў праблему рэканструкцыі будынка раённага краязнаўчага музея. Мяркуецца перанесці яго ў цэнтр горада, будынак узведзены ў канцы ХІХ стагоддзя. Патрабуецца капітольны рамонт, на што неабходна некалькі мільярдаў рублёў. Самастойна раённы бюджэт не здольны выдзеліць усю патрэбную суму, патрабуецца дапамога з вобласці, а магчыма і з рэспублікі.

 Вера Іванаўна засяродзілася на водпусках педагагічных работнікаў дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў. Справа ў тым, што некалькі гадоў таму водпускі педагогам скарацілі да 24 дзён. Потым вярнулі ранейшую працягласць водпускаў настаўнікам, а пасля – і выхавальнікам дзіцячых дашкольных устаноў. Педагогі ж цэнтраў засталіся працаваць на ранейшых умовах, хаця нагрузка на іх кладзецца не меншая. Напрыклад, толькі праз “Жамчужыну” штогод праходзіць больш шасці тысяч дзяцей, з якімі трэба пастаянна займацца на высокім прафесійным узроўні. Леанід Гуляка паабяцаў падняць гэта пытанне на ўзроўні намесніка старшыні Савета міністраў, бо яно закранае інтарэсы некалькіх ведамстваў.

Пасля Леанід Гуляка сустрэўся з прадстаўнікамі ўсіх рэлігійных абшчын Лепельшчыны. Спачатку высокага госця пазнаёмілі з некаторымі адметнымі формамі супрацы. Высокай адзнакі заслужылі сумесныя калядныя канцэрты, малітвы за Беларусь якія ладзіліся прадстаўнікамі ўсіх канфесій. Фестываль “Віфлеемская зорка” даўно стаў лепельскай візітоўкай.

 Святар Адам Каляда падняў пытанне аб магчымасці аказання дапамогі ў рамонце двух памнікаў – Георгіеўскай і Параскевінскай цэркваў. Першай патрэбен касметычны, а другой -- капітальны рамонт. На гэта Леанід Паўлавіч адказаў, што на сёння царква – самастойная арганізацыя, якой, да таго ж, дзяржавай дадзены шматлікія прэферэнцыі і льготы. Аднак, перш, чым пачынаць рамонт, варта вызначыцца, колькі ён будзе каштаваць – падрыхтаваць поўны пакет праектна-каштарыснай дакументацыі. Гэта задача – найперш для ўласніка аб’екта.

 У ходзе размовы былі закрануты і іншыя важныя пытанні.

Васіль МАТЫРКА, фота аўтара
На здымку: Леанід Гуляка гутарыць з актывам “Белай Русі”.
.