Школа ў рыштаваннях

13 января 2014

Школа ў рыштаваннях

Карэнная рэканструкцыя СШ №3 распачалася ўжо некалькі месяцаў таму, а з прыходам зімовых канікулаў праца актывізавалася.

Карэнная рэканструкцыя СШ №3 распачалася ўжо некалькі месяцаў таму, а з прыходам зімовых канікулаў праца актывізавалася. Як паведаміў дырэктар лепельскага камунальнага рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Будаўнік” Леанід Хацкевіч, зараз працуюць вытворчая брыгады бетоншчыкаў, тынкоўшчыкаў, плітачнікаў, маляроў колькасцю дваццаць пяць чалавек пад кіраўніцтвам майстра Алега Крулёва. Акрамя таго, шчыруюць субпадрадчыкі з лепельскага “Транссервіса” і з Віцебска.

Рэканструкцыя вядзецца на другім і трэцім паверхах – у класах і на калідорах. У рыштаваннях і школьная спартыўная зала з раздзявалкамі і санвузламі. “Транссервіс” устанаўлівае вокны ПВХ. Бетоншчыкі заліваюць падлогу, пад плітку і лінолеўм. Тынкоўшчыкі ўзяліся за сцены. Пасля атынкоўкі іх беляць і фарбуюць маляры.

Школьныя калідоры не пазнаць – усё запоўнена будаўнічым рыштункам, усё ў вапне, цэменце, фарбе. Класныя памяшканні, дзе ўжо праца падыходзіць да завяршэння, выглядаюць зусім па-іншаму. Неўзабаве СШ №3 не пазнаем! Толькі за апошнія месяца паўтара будаўнікі асвоілі 2 мільярды 600 мільёнаў рублёў. У 2014-ым жа годзе “Будаўнік”, па словах яго кіраўніка, збіраецца асвоіць яшчэ пяць мільярдаў рублёў. Будзе рэканструяваны фасад і адрамантаваны дах. Вырасце новы спартыўны гарадок. Завозіцца гравійна-пясчаная сумесь для падсыпкі. Будуць знесены старыя гаспадарчыя пабудовы, каб вызваліць болей месца для спартыўнага гарадка.

Уладзімір МІХНО