Школьны мерыдыян

15 декабря 2011

Школьны мерыдыян

  Заключныя акорды

  Заключныя акорды акцыі па бяспецы дарожнага руху прагучалі на сцэне раённага Дома культуры. Мерапрыемства сабрала вялікую аўдыторыю – вучняў гарадскіх школ, а таксама праблемных падлеткаў з усяго раёна. На сцэне, пад музыку, хораша выступалі рэгуліроўшчыкі ДАІ, моцнымі былі і конкурсныя дзіцячыя нумары. Пасля падвядзення вынікаў конкурса пераможцы атрымалі падарункі. Напрыклад, танцорам з СШ №3 было ўручана грашовае ўзнагароджанне на набыццё сцэнічных касцюмаў.
  На акцыі да Дня бяспекі дарожнага руху прысутнічаў начальнік абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў генерал маёр Аляксандр Найдзенка.
 
Экскурсія ў бібліятэку

  Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, бібліятэкары, дырэктары школ – усяго сорак адзін чалавек – з’ездзілі ў Мінск, дзе іх чакала аглядавая экскурсія па гораду. Наведалі таксама Нацыянальную бібліятэку, пабывалі ў бібліятэчным музеі рэдкай кнігі, на выставе, прысвечанай юбілею Максіма Багдановіча.
 
Вучоба маладых настаўнікаў

  На базе Каменскай СШ адбыўся майстар-клас для маладых настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры школ горада і раёна. Сваім вопытам падзялілася іх калега Ганна Барадзейка. Прысутныя пабывалі на ўроках, наведалі музей паэта Тодара Кляшторнага.

  Нарада школьных музейшчыкаў

  У Пінску прайшоў рэспубліканскі семінар “Даследаванне гісторыка-культурных адметнасцей краю сродкамі музейнай дзейнасці кіраўнікоў школьных музеяў”, на якім наш раён прадстаўляў настаўнік гісторыі Слабадской СШ і кіраўнік мясцовага музея, краязнаўца Валерый Тухта.

  Удзельнікі нарады заслухалі шэраг дакладаў з прапагандаю вопыта работы лепшых кіраўнікоў школьных музеяў, абмяняліся ўласнымі набыткамі,наладзілі новыя стасункі і кантакты, зрабілі пазнавальную экскурсію па славутых мясцінах Пінска: наведалі музей Палесся і шэраг школьных музеяў, драмтэатр, Кафедральны касцёл, дзе пахаваны галава каталіцкай царквы на Беларусі архіепіскап, кардынал Казімер Свёнтак.