Школьны мерыдыян: Баброўская СШ

6 декабря 2012

Школьны мерыдыян: Баброўская СШ

Амаль усё сваё, з прышкольнага участка, на стале ў баброўскіх школьнікаў. Тут вырошчваюць бульбу, капусту, буракі, цыбулю, фасолю.

Свая гародніна
Амаль усё сваё, з прышкольнага участка, на стале ў баброўскіх школьнікаў. Тут вырошчваюць бульбу, капусту, буракі, цыбулю, фасолю. Пахваліцца агароднінай ездзілі ўвосень на раённае свята ўраджаю. Дэманстравалі не толькі дзівосныя экземпляры агародніны, скажам, гарбуз-волат, але і падзелкі з яе. Баброўскі буданчык на кірмашы ўпрыгожыла сімпатычная чарапаха.

Пяць першакласнікаў
Паступова прывыкаюць да школы першакласнікі, якіх набралася пяць чалавек. Настаўніца Маргарыта Мысак адмыслова для іх вядзе курс уводзінаў у школьнае жыццё, дзеці знаёмяцца са школай, вывучаюць яе традыцыі, ходзяць на экскурсію ў бібліятэку. Для іх працуе група падоўжанага дня.

Усяго ў пачатковай школе займаецца дваццаць вучняў. У межах дэкады гуманітарных навук тут прайшоў конкурс малюнкаў. Дзеці рабілі ілюстрацыі да вершаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Пабачыць свет
Шэраг экскурсій зрабілі дзеці ў гэтым навучальным годзе. Класны кіраўнік у дзявятым Таццяна Купчынская, якая выкладае тут прафарыентацыйны курс “Мая прафесійная будучыня”, звазіла дзяцей на экскурсію на хлебазавод, дзе яны пазнаёміліся з тэхналогіяй прыгатавання хлеба. У межах тыдня гуманітарных навук вучні пабывалі ў Полацку – пабачылі Сафійскі Сабор, Свята-Еўфрасіньеўскую царкву, музей кнігадрукавання. Пачаткоўцы ездзілі ў Бярэзінскі біясферны запаведнік.

Сябруюць з матэматыкай
Адбылася дэкада дакладных навук – матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, геаграфіі. З нагоды па ўсёй школе прайшлі віктарыны, пазнавальныя гульні, працавала матэматычная кавярня. Дарэчы, на раённай алімпіядзе  па матэматыцы вучань дзявятага класа Алег Юрчанка заняў другое месца.

Добрая традыцыя
Поўным ходам ідзе падрыхтоўка да дня школы, які традыцыйна праходзіць у снежні, на сцэне мясцовага клуба. Звычайна, запрашаюцца ветэраны педагагічнай працы, бацькі. Кожны клас рыхтуе свой канцэртны нумар – песні, танцы, інсцэніроўкі. Са згадкамі пра школу выступіць настаўніца-ветэран Ніна Мікалаеўна Чэпік, якая і зараз у педагаггічных шэрагах.

Шосты дзень
Людна ў школе па суботах. У спартыўнай зале працуюць секцыі, старшакласнікі займаюцца на факультатывах. Напрыклад, старэйшыя хлопцы актыўна наведваюць факультатыў “Атлетычная гімнастыка”.

У пачатковай школе нядаўняя субота прайшла пад дэвізам “За здаровы лад жыцця”. Дзеці зрабілі падарожжа ў Краіну Здароўя, вучні сярэдняга школьнага ўзросту пазмагаліся ў спартландыі.

Па суботах арганізаваны падвоз вучняў на школьным аўтобусе з аддаленых вёсак – Сушы, Двор Сушы, Фатыні і інш.

 Віктар ЛЯШЧЫНА