Школьны мерыдыян: гімназія

11 января 2014

Школьны мерыдыян: гімназія

На зімовых канікулах

Работа сацыяльнай псіхолага-педагагічнай службы прадоўжылася і на зімовых канікулах. Праводзяцца заняткі з элементамі трэнінга “Куды адыходзіць стары год” – сярод вучняў 1-2 класаў. Малодшыя класы адправіліся ў віртуальнае падарожжа “Зімовыя абрады і святы Беларусі”. Прайшла завочная экскурсія па краінах свету “Як сустракаюць Новы год”. Мерапрыемствы праводзяцца ў камп’ютарным класе з выкарыстаннем электронных тэхналогій і інтэрнета. У канікулярным раскладзе сустрэча ў падлеткавым клубе “Равеснік”,  рэйд “настаўніцка-бацькоўскага патруля”. Працуе кансультацыйны пункт “Давер’е”.

Юныя алімпійцы

Па суботах у гімназіі пад кіраўніцтвам настаўніка фізкультуры Сяргея Ткачэнкі працуе клуб юных алімпійцаў “Альтаір”. Ёсць у клуба свая праграма, эмблема, план і пашпарт. Дарэчы, эмблема клуба заняла чацвёртае месца на абласным конкурсе.
Працуюць таксама секцыі па баскетболу для вучняў пятых-сёмых класаў і па футболу для пятых-восьмых класаў, вялікая спартыўная праграма праводзіцца ў аздараўленчым лагеры.

Адпачынак і аздараўленне

У зімовым аздараўленчым лагеры адпачываюць трыццаць дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Яны атрымліваюць трохразовае вітамінізаванае харчаванне.Асаблівая ўвага ўдзяляецца дзецям з малазабяспечаных сем’яў. На патрэбы лагера выдзелена амаль 5580 тысяч рублёў. Цікавая ды разнастайная і культурная праграма для дзяцей і падлеткаў -- марафон “Алімпійскі стадыён”, і вясёлыя старты “Хутчэй, вышэй, далей!”, і экалагічная віктарына “Прырода роднага краю”, і “Гадзіна творчасці” і інш.

У сузор’і талентаў

Шосты год праводзіцца фестываль дзіцячай творчасці “Сузор’е талентаў”. Вучні штогод паказваюць свае творчыя здольнасці па вакалу, у галіне харэаграфіі, у тэатральных і інструментальных жанрах, ладзяць спартыўныя пастаноўкі. Спонсар фестывалю – раённы камітэт БРСМ.
Сёлета “гран-пры” сярод вучняў 5-7 класаў у намінацыі “Залаты голас фестывалю” атрымала сямікласніца Алеся Тарасевіч, вызначыўся таксама калектыў вучняў 6”Б” класа ў намінацыі “Рытмы танца”. Сярод 8-11 класаў лепшым прызнаны харэаграфічны нумар у выкананні вучаніцы 9”А” класа Наталлі Гарбёнак.

На гімназічным сайце

Ужо некалькі гадоў у гімназіі існуе свой сайт у інтэрнеце. Тут размяшчаюць каляндар навінаў, матэрыялы па сістэме і зместу выхаваўчай працы, асвятляюць накірункі дзейнасці гурткоў і клубаў па інтарэсах, пазакласныя выхаваўчыя мерапрыемствы. Знайшлося месца і школьным грамадскім арганізацыям – БРПА і БРСМ. Ёсць раздзел сацыяльнай псіхолага-педагагічнай службы. Асвятляецца навучальная і метадычная работа ў навучальнай установе, дзейнічае “метадычная капілка” адкрытых урокаў. Асобна на сайце стаіць раздзел па зваротах грамадзян “Адно акно”, у якім рэгіструюцца любыя звароты ў навучальную ўстанову і прапановы.
Адказвае за размяшчэнне матэрыялаў на сайце Ігар Кузьміч.

Віктар ЛЯШЧЫНА.