Школьны мерыдыян: СШ №3

4 декабря 2013

Школьны мерыдыян: СШ №3

Моладзь выбірае здароўе

 У межах месячніка па здароваму ладу жыцця школа прыняла ўдзел у раённым конкурсе “Моладзь – за здаровы лад жыцця”. Агітацыйныя лістоўкі “Быць здаровым здорава”, падрыхтаваныя дзевяцікласніцамі Златай Багданавай і Палінай Сальнік, атрымалі на конкурсе першае месца. Аб’яўлены таксама конкурсы “Выбірай жыццё” – на лепшы паэтычны твор аб шкодзе курэння, алкаголю і наркотыкаў, “Здароўем даражыць умейце” – на лепшы сцэнарый па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Мультымедыйная прэзентацыя і конкурс відэаролікаў “Здароўе – наш выбар” раскажуць пра сістэму работы школы па фарміраванні асноў здаровага ладу жыцця.

 Спынім бяду разам!

 Для ўдзелу ў раённай акцыі “Спынім бяду разам”, прысвечанай Сусветнаму дню барацьбы са СНІДам, школа падрыхтавала тэматычную праграму. Выпусцілі інфармацыйную сценгазету на адпаведную тэматыку аб удзеле вучняў восьмага, дзясятага і адзінаццатага класаў Дар’і Нікіцінай, Валерыі Дубко, Аляксандра Станкевіча і пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара. Падрыхтавалі цікавую інфармацыю на гарадскі конкурс тэматычных дыскапраграм “Чырвоная стужачка – сімвал надзеі”.

 Бацькоўскія суботы

 Цікава і змястоўна праходзяць бацькоўскія суботы. Вось нядаўна адбылося прысвячэнне ў пяцікласнікі – з песнямі, рознымі гульнёвымі конкурсамі, прэзентацыяй. Адбыўся фестываль “За бяспеку дарожнага руху” з конкурсамі сачыненняў, малюнкаў, паэтычных твораў. Выступіла школьная агітбрыгада на тэму прафілактыкі дарожнага траўматызму. Дзеці рашалі білеты па правілах дарожнага руху, ладзілі спаборніцтвы па яздзе на веласіпедзе.

Павіншавалі ветэранаў

 Вучні далучыліся да віншавання клуба “Ветэран” з нагоды яго дваццаціпяцігоддзя, тым болей, што сярод удзельнікаў клуба ёсць былая настаўніца школы Галіна Пятроўна Сяргеева. Напяклі пірагоў, пераклалі для ветэранаў віншавальную песню.

Традыцыя ўганаравання ветэранаў у школе моцна прыжылася. Вось і нядаўна з нагоды юбілеяў віншавалі былых настаўнікаў Алу Якаўлеўну Караткевіч, Людмілу Іванаўну Сязёмаву, Святлану Мікалаеўну Кляцкову, Ганну Клеафасаўну Гайковіч. Ушаноўваюць таксама і іншых ветэранаў, якія жывуць у мікрараёне школы. Напрыклад, юныя інспектары дарожнага руху павіншавалі з юбілеем супрацоўніка ДАІ Уладзіміра Мікалаевіча Матальянца.

Сябруюць са спортам

 Практычна кожны школьны шосты дзень не абыходзіцца без спартыўных мерапрыемстваў. Нядаўна другакласнікі разам з бацькамі прынялі ўдзел у спартыўна-масавай гульні “Тата, мама і я – спартыўная сям’я”. Спартыўнае свята “Вас выклікае спартландыя” ў адзіным парыве аб’яднала вучняў пятых-сёмых класаў. А для старэйшых быў арганізаваны “Дзень гімнаста”, у якім удзельнічалі дзеці ад пятага па адзінаццатя класы.

Віктар ЛЯШЧЫНА.