Школьныя аўтобусы

12 марта 2014

Школьныя аўтобусы

17 лютага а пятай гадзіне вечара ў Полацку на скрыжаванні вуліц Ефрасінні Полацкай і Францыска Скарыны адбылося дарожна-транспартнае здарэнне.

17 лютага а пятай гадзіне вечара ў Полацку на скрыжаванні вуліц Ефрасінні Полацкай і Францыска Скарыны адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. У школьнага аўтобуса КАВЗ, які належыць аддзелу адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама, адвалілася правае задняе кола. Аўтобус на той час перавозіў дзяцей.
Паколькі хуткасць руху транспарту была невысокай, ніхто не пацярпеў, урон тэхніцы нанесены нязначны.
Найбольш верагоднай прычынай здарэння стала аслабленне зацяжкі гаек на коле, у выніку чаго абламала шпількі. Як паказвае практыка, такое адбываецца найчасцей з-за абыякавых адносін кіроўцаў да стану сваіх аўтобусаў, з-за аслаблення кантролю з боку механікаў, інжынераў.
У якасці прафілактыкі падобных выпадкаў быў праведзены агляд школьных аўтобусаў. На паркоўцы перад РДК выстраіліся жоўтыя аўтобусы з аранжавымі мігалкамі. Агляд праводзілі інспектар АДАІ РАУС маёр міліцыі Валерый Лешчанок, супрацоўнікі транспартнай інспекцыі Уладзімір Карасёў і Канстанцін Кудаеў, інжынер станцыі тэхагляду Аляксандр Рыштоўскі.
Як вядома, транспарт, прызначаны для перавозкі дзяцей, павінны праходзіць тэхагляд не радзей за адзін раз у паўгода, да яго тэхнічнага стану прад’яўляюцца павышаныя патрабаванні. У асноўным правяраючыя былі задаволены станам аўтобусаў, былі зроблены і заўвагі. Напрыклад, аўтобусы, якія абслугоўваюць Бароўскую і Домжарыцкую сярэднія школы, рэкамендавана нанава іх пафарбаваць.
У кароткай размове з кіроўцамі інспектары расказалі пра выпадак у Полацку, напомнілі пра некаторыя ДТЗ на Лепельшчыне, заклікалі іх яшчэ больш пільна наглядаць за станам тэхнікі, строга выконваць правілы дарожнага руху і перавозкі дзяцей. У сваю чаргу кіроўцы звярнулі ўвагу на дрэнны стан жвіровых дарог. Праблемы ўзнікаюць на некаторых участках вясковых дарог пры нарыхтоўках драўніны, калі асфальт засмечваецца рэшткамі кары, разбіваецца цяжкай тэхнікай.
Інспектары далі нумары тэлефонаў, папрасілі, каб вадзіцелі неадкладна інфармавалі іх аб усіх няштатных сітуацыях на дарогах.

Васіль МАТЫРКА