Сярэбраны прызёр Еўропы

11 июня 2013

Сярэбраны прызёр Еўропы

 Яўген Міхно скончыў дзясяты клас сярэдняй школы № 3 і праславіў Лепельшчыну не толькі на ўзроўні рэспублікі, а і Еўропы.

 Яўген Міхно скончыў дзясяты клас сярэдняй школы № 3 і праславіў Лепельшчыну не толькі на ўзроўні рэспублікі, а і Еўропы. У складзе нацыянальнай зборнай каманды Беларусі хлопец выдатна выступіў на чэмпіянаце Еўропы па самба сярод юніёраў, які праходзіў у г.Лімасол на востраве Кіпр. Яўген упэўнена выйграў усе папярэднія схваткі, выйшаў у фінал і стаў срэбраным прызёрам Еўропы, атрымаў званне майстра спорту па самба.
 Другое месца на чэмпіянаце Еўропы -- значная падзея ў жыцці кожнага спартсмена. Сваімі ўражаннямі аб чэмпіянаце і нялёгкім шляху да перамогі Яўген падзяліўся ў сваім інтэрв’ю.
- Яўген, вядома, што да ўдзелу ў чэмпіянаце Еўропы ты ўжо выступаў на міжнародным узроўні?
- Так, раней я паспяхова выступіў на спаборніцтвах у Турцыі і Украіне.
- Колькі краін прыняла ўдзел у чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў на востраве Кіпр?
- На чэмпіянат прыехалі спартсмены з Турцыі, Украіны, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Францыі, Італіі, Грэцыі, Польшчы, Румыніі, Славакіі і іншых краін.
 Перад паездкай на чэмпіянат шмат часу аддаваў трэніроўкам, якія праходзілі ў Мінску. Гэта вельмі важны этап. Разам з намі займаліся вядомыя спартсмены нашай краіны. Асабліва запомніліся заняткі ў вядомага ў Беларусі трэнера Курлыпа -- неаданаразовага чэмпіёна свету, які ўжо даўно ўвайшоў у склад нацыянальнай зборнай рэспублікі. Падрыхтоўка праходзіла на працягу 15 дзён.
- Першы мой паядынак праходзіў са спартсменам з Украіны, атрымаў у ім перамогу. На падрыхтоўку да наступнага паядынка было дадзена пяць хвілін. Другая схватка адбылася з самбістам з Арменіі. І тут перамога стала маёй, выйграў з лікам 3:2.
 Перад правядзеннем фінальных схватак быў чатырохгадзінны перапынак, і ў нашай каманды з’явілася магчымасць адпачыць. Асаблівая напружанасць з’явілася перад пачаткам фінальнага паядынка з расійскім самбістам. Барацьба была напружанай. Вельмі блізкай была перамога, але ў завяршэнні расійскі сапернік выканаў балявы прыём.
- Якія ўражанні ў цябе пакінуў Кіпр?
- Кіпр уразіў непаўторнай прыродай, незвычайнай расліннасцю, зусім іншай атмасферай. Тэмпература паветра больш за трыццаць градусаў. Захапіў сваёй прыгажосцю Парк Біч, дзе заўсёды адпачывае шмат гасцей. Гасцініца, дзе мы пражывалі, была размешчана ў вельмі жывапісным месцы, у 50 метрах ад берага мора.
- Вядома, што для ўдзелу ў чэмпінаце Еўропы патрэбна нямалая сума фінансавых сродкаў. Хто пажадаў тваім выступіць спонсарам?
- Мы з трэнерам Галінай Паповай, безумоўна, вельмі ўдзячныя дырэктару ААТ “Лепельскі МКК” Аляксандру Міхайлоўскаму за тое, што прадпрыемства аказала значная спонсарскую падтрымку -- трыццаць мільёнаў рублёў.
- Жэня, як жа пачынаўся твой спартыўны шлях і ці памятаеш ты сваю першую перамогу?
 -- У секцыі дзюдо Лепельскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву “Волат” я пачаў займацца, калі мне было сем год. У маім выбары мяне падтрымалі бацькі. Тата, які звязаў жыццё са спортам, працуе настаўнікам фізкультуры ў сярэдняй школе № 3, у свой час захапляўся тэхнікай дзюдо. Да маіх заняткаў заўсёды прыхільна ставілася і маці.
 Памятаю і сваю першую перамогу. Гэта быў турнір на прызы старшыні райвыканкама Пятра Шыкшняна. Тут я заняў першае месца і атрымаў медаль.
 Займацца дзюдо, самба хацелася б і ў будучым. Пасля заканчэння школы планую працягваць навучанне ў Беларускім універсітэце фізічнай культуры і спорту.
Інтэрв’ю правяла
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.   
На здымку: чэмпіён Еўропы па самба сярод юніёраў з заслужанымі ўзнагародамі.
Фота аўтара.