Сузор’е перамог

1 июня 2010

Сузор’е перамог

1 чэрвеня, Лепель /Уласн. інф./. Секцыя таэквандо Беларускага грамадскага аб’яднання “Таэквандо” пачала працаваць у Лепелі з 2008 года. З юнымі спартсменамі ва ўзросце ад шасці да адзінаццаці год займаецца трэнер Іна Папова. У свой час Іна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, спорту і пастаянна ўдасканальвае спартыўнае майстэрства. У скарбонцы Іны – дзесяткі прызавых месцаў на шматлікіх рэспубліканскіх спаборніцтвах.

 І хоць рабяты пераймаюць навыкі ў секцыі толькі два гады, яны ўжо неаднаразова праслаўлялі Лепельшчыну на прэстыжных рэспубліканскіх спаборніцтвах. Юныя спартсмены абаранілі гонар раёна на чэмпіянаце рэспублікі, які праходзіў у Мінску. Акрамя лепяльчан, удзел у чэмпіянаце прынялі юныя спартсмены з Ліды, Брэста, Мінска і Асіповіч. Сярод хлопчыкаў ва ўзросце ад шасці да сямі год, у вагавой катэгорыі 26 кілаграмаў другое месца заняў Ілья Еўстаф’еў, трэцяе месца ў вагавой катэгорыі 34 кілаграмы, ва ўзросце восем-дзевяць год прысуджана Артуру Кірэеву, а ў вагавой катэгорыі 25 кілаграмаў, ва ўзросце дзесяць-адзінаццаць год трэцяе месца заняў Саша Сямёнаў.

 Сярод дзяўчынак, у вагавой катэгорыі 29 кілаграмаў трэцяе месца заняла Дар’я Смажэўская (шэсць-сем год). У конкурсе практыкаванняў “Туль”, сярод жоўтых паясоў, ва ўзроставай катэгорыі дзесяць-адзінаццаць год першае месца заняла Ганна Быкава, другое месца –- Лена Смажэўская. Сярод зялёных паясоў другое месца прысуджана Насці Тухта (восем-дзевяць год). У “Спарынгу”, сярод дзяўчынак у вагавой катэгорыі 25 кілаграмаў першае месца заняла Ксюша Галуза (восем-дзевяць год), другое месца, у вагавой катэгорыі 31 кілаграм прысуджана Насці Тухта (восем-дзевяць год). У вагавой катэгорыі 38 кілаграмаў другое месца прысуджана Лене Смажэўскай (дзесяць-адзінаццаць год). Сярод хлопчыкаў, у вагавой катэгорыі 28 кілаграмаў другое месца заняў Дзяніс Шнітко (восем-дзевяць год).

 Шмат незабыўных уражанняў у юных спартсменаў пакінула паездка на Дзесяты міжнародны турнір “The best of the best”, які праходзіў у г.Рычаны (Чэхія). Акрамя спартсменаў з Беларусі, удзел у турніры прынялі госці з Латвіі, Славеніі, Славакіі, Босніі і Чэхіі. Тут лепяльчанам таксама садзейнічаў поспех.

 Нядрэнна праявілі сябе выхаванцы секцыі таэквандо і на турніры “Майскі выклік”, які прайшоў у Мінску. Сярод дзяўчынак, у вагавой катэгорыі 26 кілаграмаў (сем-восем год) другое месца заняла Ксюша Галуза, у вагавой катэгорыі 30 кілаграмаў (восем-дзевяць год) другое месца прысуджана Насці Тухта. Сярод хлопчыкаў, у вагавой катэгорыі 29 кілаграмаў (восем-дзевяць год) трэцяе месца заняў Дзяніс Шнітко, а другое месца, у вагавой катэгорыі 32 кілаграмы –Сяргей Крывіцкі.

Мы ганарымся юнымі спартсменамі, і няхай іх перамогі стануць пачаткам шляху да новых поспехаў і вышынь!

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.