Свята на скрыжаванні

6 августа 2012

Свята на скрыжаванні

6 жніўня, Лепель /Уласн. інф./ У Чэрцах усяго дзве вуліцы. Адна, шырокая, цэнтральная, бяжыць праз вёску амаль за два кіламетры. Запачаўшыся на аршанскай шашы, дабягае яна да суседняй вёскі Адамаўка. Пасля таго, як у Чэрцах пабудавалі новы мікрараён, гэтыя дзве вёскі фактычна зліліся ў адну, і толькі старыя назвы нагадваюць, што гэта розныя населеныя пункты. Другая вуліца ў Чэрцах вузенькая, кароткая, затое ўтульная, заўсёды ў зелені, у кветках. Упрыгожваюць яе і бярозы, што ў свой час пасадзілі вучні былой школы абапал стадыёну. Вуліца імкне да школы, якой ужо няма, а засталася толькі назва - вуліца Школьная, дзе сялілася пераважна мясцовая інтэлігенцыя – настаўнікі, якія і дагэтуль тут жывуць. Так што назва, дадзеная вуліцы значна пазней, чым паявіліся на ёй першыя пасяленцы, адпавядае сапраўднасці.

6 жніўня, Лепель /Уласн. інф./ У Чэрцах усяго дзве вуліцы. Адна, шырокая, цэнтральная, бяжыць праз вёску амаль за два кіламетры. Запачаўшыся на аршанскай шашы, дабягае яна да суседняй вёскі Адамаўка. Пасля таго, як у Чэрцах пабудавалі новы мікрараён, гэтыя дзве вёскі фактычна зліліся ў адну, і толькі старыя назвы нагадваюць, што гэта розныя населеныя пункты. Другая вуліца ў Чэрцах вузенькая, кароткая, затое ўтульная, заўсёды ў зелені, у кветках. Упрыгожваюць яе і бярозы, што ў свой час пасадзілі вучні былой школы абапал стадыёну. Вуліца імкне да школы, якой ужо няма, а засталася толькі назва - вуліца Школьная, дзе сялілася пераважна мясцовая інтэлігенцыя – настаўнікі, якія і дагэтуль тут жывуць. Так што назва, дадзеная вуліцы значна пазней, чым паявіліся на ёй першыя пасяленцы, адпавядае сапраўднасці.

Сустракаюцца ж дзве вуліцы ля магазіна, на скрыжаванні, у вёсцы кажуць “на крыжах”. Тут і вырашылі зрабіць свята. Чэрцы яшчэ сто гадоў таму былі не вёскаю, а двума маёнткамі – паноў Пальчэўскіх і Кладніцкіх. Цікава, што да гэтага часу захавалася адна з хат, у якой колісь жылі панскія парабкі. Якая ж гэта трывалая пабудова! Муры, на якіх стаялі пабудовы стогадовай даўнасці, не разбіць аніякай кувалдай. А потым Чэрцы ўзгадваюцца дваром з дваццаці васьмі жыхароў у складзе Гарадчэвіцкай воласці Лепельскага павета. Толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі маёнткі былі ператвораныя ў вёску, у якую паз’язджаўся са свету народ. Пра гэты факт доўгі час нагадвалі мясцовыя мянушкі – “залескія”, “баравенскія”, “кардзякі” і г.д.

Росквіт вёскі прыйшоўся на сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Хоць Чэрцы і не былі цэнтральнаю сядзібаю калгаса “Новы шлях”, гэтую ролю выконвала суседняя Адамаўка, але ж аб’екты сацкультбыту раслі тут як на дражджах. Значна пашырыліся плошчы мясцовай васьмігодкі і нават збіраліся зрабіць яе сяродняй школаю, побач з’явіліся школьны інтэрнат і сталовая, вырас новы будынак сельсавета з прасторнай залаю для рэгістрацый шлюбаў, у той жа будынак пераехала і паштовае аддзяленне. У вёсцы былі фельчарска-акушэрскі пункт і ветлячэбніца, магазін і комплексны прыёмны пункт, пазней паявіліся пральны камбінат і лазня, куды папарыцца з’язджаліся з усяго раёна. Праўда, доўгі час не было клуба, толькі бібліятэка, а на танцы моладзь хадзіла ў Адамаўку. Пабудавалі і цагляныя домікі для калгаснікаў, і нават адзін двухпавярховік.

Другая хваля жыццёвых сіл прыліла да вёскі акурат у дзевяностыя гады, калі тут немцы пачалі будаваць дамы для перасяленцаў з чарнобыльскіх раёнаў. Прыехаў не адзін дзясятак маладых сем’яў, якія засялілі пустэчу між Чэрцамі і Адамаўкай і прыдалі паселішчам “другое дыханне”. На месцы апусцелых фермаў раслі будаўнічыя цэхі, невялікія, але людзям знайшлася праца.

Зараз Чэрцы на тэрыторыі сортавыпрабавальнай станцыі. Тут пабудавана агароднінасховішча, аднаўляюць старую жывёлагадоўчую ферму, культурніцкія ўстановы збіраюцца разам пад адным дахам былой васьмігодкі. Тут пасяліўся ўжо пасля капітальнага рамонту фельчарска-акушэрскі пункт, чакаецца пераезд пошты, клуба, бібліятэкі.

Што хаваць, жыццё ў вёсцы ўжо не бурліць, як у тыя ж сямідзясятыя ці нават дзевяностыя гады. Мо таму, што, асабліва ў “старых Чэрцах” засталіся пераважна пенсіянеры, праўда, ёсць падставы і для аптымізму. Справа ў тым, што эстафету адраджэння вёскі ўсё смялей падхопліваюць дачнікі, якія выкупляюць старыя пахілыя хаціны і акультурваюць іх. Глядзіш, то там то тут – весялеюць Чэрцы.

Дачнікам -- падабаецца. Дзіва што, побач такое прыгожае, маляўнічае возера, бойкая шашэйка на Оршу і Лепель, дый да райцэнтра рукой падаць – якіх-небудзь дзесяць кіламетраў.

Калі верыць адной з версій, тутэйшае возера гэтае называлася Чэрці і дало назву вёсцы з зусім няпростым норавам. Гіпотэзы гіпотэзамі, але вёсцы даўно было патрэбнае агульнае, вясёлае, разняволенае свята, якое б не толькі павесяліла, але і паяднала людзей.

І вось яно адбылося. Запоўненая людьмі лавачка, прынесеная на скрыжаванне, да магазіна, і абнадзейвала, і насцярожвала ў адначассі. Нядзеля. На сортастанцыі, між тым, працоўны дзень. Што зробіш – пільніца. Вунь і паляводы пад’язджаюць сюды, прама на сене, якое вязе трактарок.

Арганізатар свята прыклейвае да плоту фотагазету. Газета маляўнічая і інфарматыўная. Людзі тут жа ўскокваюць з лавачкі і абступаюць фотагалерэю, на якой многія пазнаюць сябе ў дзяцінстве. Выпуск васьмікласнікаў з далёкіх сямідзясятых, сем’і мясцовых настаўнікаў, большасці якіх, на жаль, ужо няма ў жывых. Колішні старшыня калгаса, малады – ледзьве пазналі. Ды тут амаль уся гісторыя Чэрцаў эпохі росквіту сацыялізма! Газету збіралі па каліву, хто прыносіў здымкі бібліятэкарцы, да каго сама яна заходзіла дадому. Людзі з настальгіяй успаміналі сваю маладосць, дзяліліся каштоўнымі звесткамі і пажоўклымі рарытэтнымі фота з сямейных альбомаў.

Зінаіда Уладзіміраўна не толькі культработнік, але і старэйшына вёскі, у розныя гады выбіралася дэпутатам мясцовага савета. Яна ведае вясковыя праблемы і клопаты, знаходзіцца ў гушчыні тутэйшага жыцця. Каму, як не ёй, быць арганізатарам свята вёскі! Бярэ ў рукі мікрафон і звяртаецца з прывітаннем да землякоў. Гучыць музыка. Гэта прыехалі павіншаваць вяскоўцаў культработнікі з Лепеля, Старога Лядна, з суседніх Горак, якія ўжо займелі пэўны досвед у арганізацыі падобных святаў.

Пасля Зінаіда Семянько выкажа шчырыя словы ўдзячнасці сваім калегам-культработнікам за галасістую і прафесійную падтрымку канцэртам, які спадабаўся амаль усім.

З першымі акордамі падыходзяць людзі да магазіна. І адкуль бярэцца народ! Канчаткова развейваюцца мае сумненні наконт масавасці свята. У самы яго разгар налічваю больш за семдзясят гледачоў, якія тут жа становяцца і ўдзельнікамі. Некаторыя жартуюць – ужо ў Чэрцах столькі і народу нямашака, колькі сабралася на свята вёскі. У кожным жарце ёсць доля праўды. Справа ў тым, што, як і кожная вёска, улетку Чэрцы напаўняюцца “гарадскімі ўнукамі”. І тут, на свяце, насамрэч, багата моладзі, падлеткаў і нават малых дзяцей, якім вельмі дарэчы прыйшліся торцікі, падораныя да свята старшынёй сельсавета са словамі “Каб вам тут саладзей жылося”…

Святочная праграма праходзіць у форме расповеду пра вяскоўцаў са шчырымі словамі віншаванняў і песнямі ў іх гонар. Так-так, гэта вельмі таленавітая і працавітая вёска, з якой выйшлі ў свет паважаныя і заслужаныя людзі, якімі яна можа па праву ганарыцца. Знарок не называю нічыіх імёнаў, каб не пакрыўдзіць іншых, неназваных, бо лёс кожнага чалавека па-свойму ўнікальны, варты ўвагі.

Урэшце не вытрымліваюць гледачы і пад гукі вясёлай музыкі пускаюцца ў скокі – аж пыліць вакол.

Весялосць і азарт, энергія і задор перадаюцца іншым, лунаюць над вёскаю, і ў гэты момант яна здаецца самай шчаслівай на свеце. Можа, яно і насамрэч так.

Віктар ЛЯШЧЫНА