Святло “Віфлеемскай зоркі”

23 января 2012

Святло “Віфлеемскай зоркі”

 

Вялікае праваслаўнае свята –- Ражство Хрыстова -- нясе з сабой духоўнае ачышчэнне, збавенне ад усіх цяжкасцей і жыццёвых перашкод, веру і светлую надзею. Гэта свята ўзвышае душу чалавека над шэрымі буднямі і прыносіць радасць усім людзям, незалежна ад узросту. Мы ад усёй душы дорым сваім родным і блізкім самыя цёплыя віншаванні, рыхтуем падарункі. З асаблівым хваляваннем чароўнага свята Ражства Хрыстова чакаюць дзеці, сярод якіх нямала выдатных майстроў, артыстаў і спевакоў. Пацвярджэннем гэтага стаў дзіцячы міжшкольны калядны фестываль “Віфлеемская зорка”, які сёлета ў нашым раёне праводзіўся ў трэці раз. Ідэя арганізацыі фестывалю ўзнікла ў настаяцеля храма іконы Божай Маці “Уладзімірская” іерэя Уладзіміра Дагодзькі, які пайшоў насустрач прапанове вучняў Заслонаўскай сярэдняй школы, выхаванцам нядзельнай школы храма Праабражэння Гасподня г.Лепеля выступіць са святочным канцэртам да Новага Года. Вельмі прыемна, што з кожным годам да ўдзелу ў фестывалі далучаецца ўсё больш дзетак.

 Мілагучныя акорды музыкі паклікалі ўсіх гасцей у актавую залу раённага Дома культуры. З цёплымі словамі прывітання да ўсіх гасцей звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін. Сямікласніца Слабадской сярэдняй школы Вераніка Маляўка выдатна выканала песню “Віфлеемская зорка”. Юная спявачка ўпершыню праспявала гэту песню на фестывалі два гады таму. Тады яна вельмі ўразіла паважанага прэасвяшчэннага Пятра, епсікапа Друцкага, вікарыя Віцебскай епархіі. Такім чынам узнікла ідэя кожны год пачынаць фестываль гэтай цудоўнай песняй.

 Вучні сярэдняй школы № 3 прывіталі гледачоў святочнымі вершамі і песняй “Ражство прыйшло”. Вершаванымі радкамі сустрэла гледачоў вучаніца нядзельнай школы храма Праабражэння Гасподня Алена Крупіцкая. Чула і пранікнёна ліліся радкі песні ў выкананні вучняў нядзельнай школы храма Ражства Хрыстова г.Лепеля, вакальнай групы “Нота” Заслонаўскай сярэдняй школы. З прыгожай танцавальнай кампазіцыяй “Ражство” выступілі вучні Горскай сярэдняй школы.

Педагог-арганізатар дзіцячага рэспубліканскага  рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына” Аліна Андрыеўская ад імя цэнтра ад усёй душы павіншавала ўсіх удзельнікаў свята з Ражством Хрыстовым і ўручыла святочныя паштоўкі, памятныя падарункі аўтарам лепшых работ, якія прадставілі свае творы на выставе “Ражство Хрыстова вачыма дзяцей”. Узнагароды атрымалі выхаванцы нядзельных школ храма Праабражэння Гасподня г.Чашнікі, храма святой Вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы (г.Лепель), юныя майстры сярэдняй школы № 3, выхаванцы гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясёлка” ТЦСАН пад кіраўніцтвам Валянціны Ганчар, а таксама дзеці з Гомельскай вобласці, якія праходзяць аздараўленне ў “Жамчужыне”. Акрамя таго, былі ўручаны святочныя падарункі юным выхаванцам Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ад прыватнай фірмы з Мінска “Владионстрой” пад кіраўніцтвам Аляксандра Арцюховіча.

На сцэне ўтварыўся яркі святочны калейдаскоп пранікнёных вершаў, песень і танцаў. Сваімі выступленнямі парадавалі гледачоў выхаванцы нядзельнай школы храма Праабражэння Гасподня г.Чашнікі, вучні сярэдняй школы № 1, СШ № 4, гімназіі імя І.Ерашова. Арганічным дапаўненнем сцэнічнай дзеі сталі выступленні вучняў Слабадской, Бароўскай СШ, Заслонаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Да святочнай дзеі далучыліся выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, выхаванцаў вакальнай групы “Калядачкі” цэнтра дзіцячай творчасці, Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Яркім завяршэннем святочнай дзеі стала выступленне музычнага кіраўніка Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя Алега Дымана, які на скрыпцы выканаў “Калядную кампазіцыю”.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ,фота аўтара    

На здымках: мілая ўсмешка анёльчыка сагрэла сэрцы людзей; цудоўнаявыстава “Ражство Хрыстова вачыма дзяцей” нікога не пакінула раўнадушным; свяшчэннік Уладзімір Дагодзька з вучнямі Заслонаўскай дзіцячай школы мастацтваў.