Тэхагляд:патрабаванні ўзмацніліся

4 марта 2013

Тэхагляд:патрабаванні ўзмацніліся

Апошнім часам значна ўзмацніліся патрабаванні да тэхнічнага стану аўтобусаў, прызначаных для перавозкі школьнікаў. Акрамя ранейшых патрабаванняў прад’яўляюцца новыя. Сярод апошніх – патрабаванне наяўнасці бліскавічнага маячка (мігалкі) аранжавага колеру.

Напомнім, што падобная мігалка не дае ніякай перавагі, проста звяртае на сябе ўвагу іншых вадзіцеляў, заклікае іх быць больш пільнымі. 

Мігалка на аўтобусе павінна быць злучана з уваходнымі дзвярыма і ўключацца пры іх адкрыцці. Гэта зроблена для таго, каб іншыя вадзіцелі былі больш уважлівымі, праязджаючы міма аўтобусных прыпынкаў, бо з-за аўтобуса можа нечакана выбегчы дзіця і трапіць пад колы іншай машыны.

Таксама новыя школьныя аўтобусы павінны быць аснашчаныя гукавым сігналізатарам задняга ходу, што таксама павінна павысіць бяспеку руху. Акрамя іншага ўводзіцца патрабаванне па аснашчэнні такога транспарту сродкамі гучнай сувязі, кнопкамі выкліку вадзіцеля і ў абавязковым парадку – поручнямі.

Шмат пытанняў задаецца па аплаце паслуг дзяржаўнага тэхнічнага агляду. З пятага студзеня тэхагляд легкавога аўтамабіля з бензінавым рухавіком каштуе 120 тысяч рублёў, з дызельным ці газавым рухавіком – 125 тысяч. У правілах дарожнага руху канкрэтна ўказана, што налепка аб праходжанні дзяржтэхагляду павінна знаходзіцца ў правым ніжнім вугле лабавога шкла.

Аляксандр РЫШТОЎСКІ,
інжынер лепельскай станцыі дзяржтэхагляду.