Одно окно
Обращения граждан и юрлиц
Официальные документы
Справочная информация
Единый день информирования
SMS-вопрос
Официальное опубликование
Общественные обсуждения
Охрана труда
Комиссия по противодействию коррупции
Гуманитарное сотрудничество
Местные бюджеты
Наблюдательная комиссия
Пустующие и ветхие дома
Важная информация
О психологическом собеседовании
11 апреля 2012
«Тры сумных мужа, адзін вясёлы”
Напэўна, ніхто з леряльчан не мог прайсці міма яркай афішы, размешчанай на плошчы Свабоды, на якой паведамлялася, што на сцэне раённага Дома культуры адбудзецца прэм’ера спектакля па п’есе В.Ляпіна “Тры сумных мужа, адзін вясёлы”. У дзень прэм’еры глядзельная зала цалкам была запоўнена. Паглядзець спектакль пажадалі шматлікія гледачы, якія даўно сталі прыхільнікамі творчасці народнага тэатра “Пошук”.
Гучаць вясёлыя музычныя акорды, сцэна паступова напаўняецца святлом - і перад гледачамі раскрываецца цікавая дзея: утульны вясковы дворык, невялікі дом. Трое мужчын - Стас Клепікаў, Пётр Шышыгін і Павел Чарняга прыязджаюць у госці да сваёй знаёмай Любові Крывакрасавай. Усе яны калісьці былі жанатыя на гэтай жанчыне. Нарэшце, Любоў Іванаўна знайшла сваё шчасце. На некаторы час у яе сям’і адбыўся разлад, і жанчына вырашае даць тэлеграму ўсім сваім былым мужам: “Срочно приезжай. Твоя любовь”. Напэўна, у той момант яна сама паверыць не магла, што ўсе мужы пагадзяцца прыехаць да былой жонкі, ды яшчэ ў адзін і той жа час…
Сучасная камедыя была вельмі цёпла ўспрынята гледачамі. Ад душы смяяліся і пажылыя, і моладзь. На працягу ўсяго спектакля не сціхалі апладысменты. Гледачы шчыра спачувалі і ў той жа час смяяліся з недарэчных учынкаў мужчын-няўдачнікаў, прадпрымальнай жонкі, яе каханага мужа і іншых дзеючых асоб. Пры гэтым кожны з акцёраў змог дасканала перадаць вобраз пэўнага героя з уласцівай яму мімікай, тэмбрам голасу. Калі ж скончылася апошняя дзея і артысты выйшлі на паклон, гледачы апладзіравалі артыстам стоячы і нават выклікалі “на біс”. Безумоўна, гэта стала самай вялікай узнагародай для акцёраў.
Асаблівасцю сёлетняга спектакля стала тое, што ў ім задзейнічаны маладыя акцёры, палова з якіх –- дэбютанты. Сярод акцёраў тэатра -- работнікі культуры, журналісты, праграміст. Усіх гэтых людзей аб’ядноўваюць любоў да творчасці, мастацтва, жаданне дарыць людзям радасць. Здавалася б, пасля працоўнага дня людзі стомленыя, але як толькі пачынаецца рэпетыцыя –- уся стомленасць тут жа знікае. Творчы працэс нам прыносіць сапраўднае задавальненне. А гледачы гэта заўсёды адчуваюць.
Ролю мужа, Мікалая Крывакрасава, выдатна выканаў Дзмітрый Міхно, які працуе рэжысёрам раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра народнай творчасці, ролю яго жонкі Любові Іванаўны выканала Юлія Кунчэўская, кіраўнік народнага клуба “Ветэран” РДК, Пятра Шышыгіна сыграў карэспандэнт раённай газеты “Лепельскі край” Васіль Матырка, Паўла Чарнягу –- рэжысёр Віталь Хватынец, Стаса Клепікава –- Сяргей Ляўковіч, праграміст-сістэмны ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод”. Ролю нявесты Наталлі Маркаўны выканала журналіст Святлана Сільвановіч, а ролю Веры –- дырэктар Поўсвіжскага сельскага Дома культуры Таццяна Стрыжонак.
Выдатным дапаўненнем сцэнічнай дзеі сталі цудоўныя дэкарацыі, якія зрабіў Іван Томскіх, гукарэжысёр спектакля –- Сяргей Аўдзееў, дэкаратар – Яўген Ясюкевіч, светлавым афармленнем заняліся Віктар Пшонка і Аляксандр Літвін. Дарэчы, Віталь Хватынец працаваў над спектаклем не толькі як рэжысёр, а і як сцэнаграфіст, кампазітар. Менавіта ён напісаў музыку і словы да песні, якую ў дуэце выконвалі Мікалай і Любоў Крывакрасавы.
Спектакль быў паказаны на сцэне Палаца культуры “Шкловалакно” ў рамках абласнога свята “Тэатральная вясна-2012”. Разам з лепельскімі артыстамі на сцэне Палаца культуры са сваімі пастаноўкамі выступіла 15 тэатральных калектываў Віцебскай вобласці. Сярод іх юныя ўдзельнікі ўзорнага тэатральнага калектыву “Паўлінка” дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія № 2 г.Наваполацка”, народны драматычны калектыў “Тэатр” Віцебскага РДК, народныя тэатры з Гарадка, Міёр, Наваполацка, Докшыц, Браслава, Барані, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, студэнцкі тэатр “Арт“ Полацкага дзяржуніверсітэта.
Камедыя, з якой выступілі лепельскія артысты, уразіла не толькі гледачоў, а і строгае журы. Па выніках фестывалю народны тэатр “Пошук” узнагароджаны Дыпломам першай ступені, другое месца прысуджана народнаму тэатру “Время” Наваполацкага ГДК, а трэцяе месца занялі юныя артысты ўзорнага тэатральнага калектыву “Паўлінка” дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія № 2 г.Наваполацка”. Акрамя таго, акцёр народнага тэатра “Пошук” Сяргей Ляўковіч узнагароджаны Дыпломам за лепшую мужчынскую ролю.
Разам з высокімі ўзнагародамі артысты тэатра прывезлі шмат яркіх уражанняў і выдатны настрой. Па шматлікіх просьбах гледачоў спектакль будзе паказаны на сцэне раённага Дома культуры 30 красавіка 2012 года ў 18 гадзін. Кожнага гледача чакаюць шмат прыемных хвілін і выдатны настрой.
С.МАКСІМАВА Фота Алега МАЗГОНа здымку: на сцэне артысты народнага тэатра “Пошук”