Творчая сустрэча і “хэпі энд”

26 декабря 2012

Творчая сустрэча і “хэпі энд”

26 декабря, Лепель /Соб.инф./. Цікавым, паўнавартасным культурным жыццём жыве не толькі горад, але і буйныя сельскія населеныя пункты раёна. Не з’яўляюцца выключэннем і Домжарыцы – цэнтральная сядзіба Бярэзінскага дзяржзапаведніка.

26 декабря, Лепель /Соб.инф./. Цікавым, паўнавартасным культурным жыццём жыве не толькі горад, але і буйныя сельскія населеныя пункты раёна. Не з’яўляюцца выключэннем і Домжарыцы – цэнтральная сядзіба Бярэзінскага дзяржзапаведніка. Аддаленыя ад Лепеля на дзясяткі кіламетраў вялікія лясныя і балотныя прасторы, сапраўдная  запаведная неруш – зусім  не перашкода для разнастайных творчых сустрэч, сольных эстрадных выступленняў мясцовых талентаў, выканання арыгінальных музычных нумароў мастацкай самадзейнасці на сцэне мясцовага сельскага Дома культуры. Тым больш, што ў Домжарыцах, акрамя  сярэдняй школы, ёсць яшчэ і дзіцячая школа мастацтваў, у якой авалодваюць навыкамі эстраднага і музычнага майстэрства хлопчыкі і дзяўчынкі з навакольных вёсак запаведніка.

На гэты раз ў госці да землякоў завітала ўраджэнка вёскі Саўскі Бор Святлана Якубоўская – пераможца сёлетняга абласнога агляду-конкурсу ў дарослай узроставай катэгорыі ў намінацыі “Лепшы паэтычны твор”, які называўся “Калыска мая, Беларусь” і быў прысвечаны 130–годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Паэтэса прачытала свае вершы, пасля кожнага з якіх гучалі бурныя воплескі адабрэння мясцовых аматараў паэтычнай творчасці, што поўнасцю запоўнілі глядзельную залу Домжарыцкага сельскага Дома культуры.  З захапленнем было ўспрынята імі і выкананне народным хорам “Беразіначка” песні “Бярэзінскі запаведнік”, словы да якой напісала Святлана Якубоўская, а музыку – кампазітар Эдуард Літвін. На памяць аб незабыўнай творчай сустрэчы з землякамі Святлана Якубоўская падарыла мясцовай бібліятэцы кнігу паэзіі “На крылах любові”, у якой надрукаваны і яе вершы. Зборнік з удзячнасцю прыняла бібліятэкар Наталля Мірановіч.

Эстрадную эстафету народнага хора “Беразіначка” падхапілі сольныя мясцовыя выканаўцы Міхаіл Багуцкі, Рэгіна Вашкевіч, Аляксандр Несан, Алена Пракаповіч, Марына Несан, Алена Пракошына, Анжаліка Кукіна, Улад Жудронак, Аксана Спільная і іншыя. Іх выступленні былі з цікавасцю ўспрыняты гледачамі, уздымалі іх настрой, напаўнялі аптымізмам і радасцю. Асабліва запомнілася выкананне Анжалікай Кукінай і Уладам Жудронкам песні “Каліна”. Незабыўныя ўражанні засталіся і ад творчага супрацоўніцтва Алены Пракошынай і Рэгіны Вашкевіч. Алена пад гітару спявала вядомую эстрадную песню “Перакрыжаванне сямі дарог”, а Рэгіна ёй падпявала і акампаніравала на музычным інструменце “Yamaha”.

Цікава было пабачыць на сцэне СДК і вакальна-інструментальны ансамбль Домжарыцкай дзіцячай школы мастацтваў, які пазнаёміў прысутных са сваёй арыгінальнай музычнай кампазіцыяй “Я крочу па Маскве”.

Большасць эстрадных твораў, што прагучалі на канцэрце – здабытак беларускай нацыянальнай культуры, але не былі забытыя і многія вядомыя расійскія песні і музычныя мелодыі. Акрамя таго, прагучала на англійскай мове песня “Дзіцячымі вачыма бачны мы наскрозь” у выканананні мясцовай эстраднай спявачкі Таццяны Багуцкай. Пасля гэтага вядучая канцэрта Алена Краснова вельмі да месца заўважыла: “Калі Таццяна Багуцкая спявае сваю песню на гэтай мове, я, на жаль, нічога не разумею, але добра адчуваю, што яна жадае вельмі шчырымі, пранікнёнымі словамі па-англійску ўсім нам шчасця, цяпла, усмешак і шчаслівых дзён!”

Мікалай Гарбачоў.