Одно окно
Обращения граждан и юрлиц
Официальные документы
Справочная информация
Единый день информирования
SMS-вопрос
Официальное опубликование
Общественные обсуждения
Охрана труда
Комиссия по противодействию коррупции
Гуманитарное сотрудничество
Местные бюджеты
Наблюдательная комиссия
Пустующие и ветхие дома
Важная информация
О психологическом собеседовании
19 ноября 2012
Творчыя гарызонты аграгарадкоў
19 ноября, Лепель /Соб.инф./. Спевы вядомых у раёне выканаўцаў, выставы майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці заўсёды збіраюць шмат гледачоў, становяцца яркай падзеяй у раёне. У чарговы раз прайшоў раённы агляд-конкурс “Агракруіз-2012”.
Першы творчы паядынак сельскіх артыстаў сёлета праходзіў у Каменскім сельскім Доме культуры. Знаходлівасць і сцэнічнае майстэрства павінны былі праявіць прадстаўнікі аграгарадкоў Камень, Чарэйшчына і Баброва.
…Зала паступова напаўняецца гледачамі, але ніхто не можа прайсці міма арыгінальнай выставы “Прыгажосць зямлі роднай”, падрыхтаванай у фае сельскага Дома культуры. Уразілі гледачоў карціны з сухога лісця, выкананыя юнымі майстрамі з Каменя Анастасіяй Лапшыной, Таццянай Пусташыла і Юліяй Лапшыной. Баброўскія творцы парадавалі гледачоў арыгінальнымі саламянымі вырабамі. Ярка выглядалі прыгожыя лялькі, кветкавыя кампазіцыі з бісеру, кветкі са стужак, сабраныя ў пышныя букеты творцамі з Чарэйшчыны.
У першым туры артыстам неабходна было прадставіць відэаролік аграгарадка. Госці з Чарэйшчыны падышлі да гэтай тэмы з гумарам. Гледачы не маглі стрымаць смех, убачыўшы сюжэт аб “чупакабры”, якая пераела ў вяскоўцаў усіх хатніх жывёл. Каб пазбегнуць страт, прадпрымальныя жыхары аграгарадка прынеслі прадукцыю, якая яшчэ захавалася, на рынак… Калейдаскоп запамінальных выступленняў чакаў гледачоў у другім туры пад назвай “Таленты нашага аграгарадка”. Са сцэны загучалі спевы ўдзельніц вакальнай групы Чарэйшчынскага СДК, якія выступілі з народнай песняй. Чула і пранікнёна прагучалі спевы ў выкананні Марыі Аўсіевіч і Карыны Кляшторнай, вучаніц Бароўскай СШ. Гледачы цёпла сустрэлі песню з рэпертуару Надзеі Кадышавай, якую выдатна выканала Тамара Крыўко, палявод ААТ “Чарэйшчына”.
Творчыя сюрпрызы для гледачоў падрыхтавалі і артысты з Баброва. Парадавала гледачоў маладая спявачка Святлана Пічкіна, звонка і бадзёра прагучала выступленне ўдзельніц вакальнай групы.
Артыстызмам і сцэнічным майстэрствам захапілі гледачоў удзельніцы вакальнай групы аграгарадка Камень, якія праспявалі папулярныя народныя песні. Цудоўныя спевы выдатна спалучыліся з танцавальнымі матывамі. Уразіла гледачоў сваімі спевамі трыа ў складзе Антаніны, Віктара Папко і Алены Дальчанінай.
Жыхары сельскай глыбінкі - не толькі здольныя артысты, а і цудоўныя гаспадары, умелыя кулінары. Пацвярджэннем гэтага стаў трэці тур “Агракруіза” пад назвай “Кулінарны паядынак”. Гасцінныя гаспадары з Чарэйшчыны цёплымі вершамі запрасілі членаў журы пачаставацца смачнай вясковай каўбаскай. Апетытная страва была па-майстэрску ўпрыгожана памідорам, апельсінам, лімонам, пятрушкай і лісцем каляровай капусты. З песняй выйшлі на сцэну баброўскія гаспадыні, кожная з якіх трымала ў руках гаршчочак. Вясковыя кулінары запрасілі пакаштаваць свежыя стравы, прыгатаваныя з бульбы. У жартоўнай форме прадставілі свой пачастунак артысты з Каменя. Пад класічныя акорды на сцэну выйшаў прыгажун-лебедзь, які гасцінна запрасіў журы пачаставацца салатам “Лебядзіная песня”.
Запамінальным стаў наступны тур - “Відэаанекдот нашага аграгарадка”. Артысты з Чарэйшчыны прадэманстравалі цікавы эпізод, як дзядуля наведаў доктара. Рассмяшылі гледачоў гісторыі з сямейнага жыцця работнікаў Баброўскага СДК. Вельмі цікава гледачам было пачуць навіны з жыцця аграгарадка Камень, расказаныя дзвюма бабулямі.
Потым у творчы паядынак уступілі бібліятэкары. Зала напоўнілася смехам, калі са сцэны прагучалі гісторыі з жыцця Чарэйшчынскай бібліятэкі. Артысты з Баброва ў сваім сюжэце прадэманстравалі, як вядзе прыём наведвальнікаў бібліятэкар-экстрасэнс. Для кожнага з наведвальнікаў ёсць патрэбная літаратура ў Каменскай бібліятэцы - аб гэтым расказалі ў сваім сюжэце вясковыя артысты.
Уладальніцай Дыплома першай ступені і грашовай прэміі ў памеры 300 тысяч рублёў стала каманда аграгарадка Баброва. Артысты Чарэйшчыны і Каменя ўзнагароджаны Дыпломамі за актыўны ўдзел у мерапрыемстве. Аднак на працягу выступленняў вясковых артыстаў у зале не сціхалі шчыры смех, радасныя воклічы. Напэўна, гэта і ёсць найлепшая ўзнагарода для вясковых творцаў.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: спяваюць артысты аграгарадка Баброва, якія сталі пераможцамі “Агракруіза-2012”.Фота аўтара.