У полі зроку -- праблемы грамадзян

11 сентября 2013

У полі зроку -- праблемы грамадзян

Дзейнасць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама дазваляе прадстаўнікам мясцовай улады глыбока і канструктыўна асвяціць шэраг важных тэм, дапамагае пазнаёміцца з набалелымі праблемамі грамадзян і акрэсліць канкрэтныя шляхі іх вырашэння. Плённа прайшлі і нядаўнія сустрэчы ўдзельнікаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама з працоўнымі калектывамі шэрага ўстаноў, гарадскіх арганізацый. Група пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Барыса Яфрэмава сустрэлася з работнікамі ўстановы аховы здароўя “Лепельская аблпсіхбальніца”. Сустрэчу з работнікамі ДКУБП “Лепельская ПМК-75” правялі ўдзельнікі групы пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Віталя Дзмітрыева, у дзяржаўнай установе “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” працавала група пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Мікалая Нікіціна, група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Місюрам сустрэлася з жыхарамі Пышнянскага сельсавета, а група пад кіраўніцтвам начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Святланы Анышкі пабывала ў філіяле РВУ “Лепельрайгаз”.

Сустрэчы прадстаўнікоў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп былі прысвечаны тэме “Праблемныя пытанні аператыўнага становішча па лініі праваахоўных органаў на тэрыторыі Лепельскага раёна. Найбольш распаўсюджаныя спосабы і сродкі самаабароны ад супрацьпраўных замахаў пры ўчыненні крадзяжоў”.

Так, на тэрыторыі Лепельскага раёна за сем месяцаў бягучага года адзначылася памяншэнне ўзроўню злачыннасці. Па лініі ўсіх службаў зарэгістравана зніжэнне злачынстваў з 238 да 219 (мінус шэсць працэнтаў), узровень на дзесяць тысяч насельніцтва -- 64, 6 (вобласць -- 58, 9). Па лініі крымінальнага вышуку зарэгістравана зніжэнне са 181 злачынства да 148 (мінус 18, 2 працэнта). Павялічылася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў з васьмі да дзевяці.

Работнікамі органаў унутраных спраў прымаюцца шматлікія меры прафілактыкі, але гэта не дапамагло прадухіліць павелічэнне забойстваў з аднаго да двух, з нуля да чатырох павялічылася колькасць цяжкіх цялесных пашкоджанняў, учынена адно згвалтаванне, з двух да чатырох павялічылася колькасць хуліганстваў, з нуля да чатырох -- колькасць махлярстваў, з двух да трох -- грабяжоў.

 Не вельмі спрыяльнае становішча складваецца таксама і па колькасці дарожна-транспартных здарэнняў. За сем месяцаў бягучага года на тэрыторыі Лепельскага раёна ўчынена 13 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх шасцёра чалавек загінула, дванаццаць -- атрымалі траўмы. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць здарэнняў павялічылася з шасці да трынаццаці, загінуўшых -- з двух да шасці, колькасць параненых -- з дзевяці да дванаццаці. Сапраўдным жахам сталі дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх загінула чацвёра жыхароў г.Мінска, што падазраваліся ва ўчыненні злачынстваў па лініі наркакантролю, летам гэтага года пад коламі аўтамабіля загінуў дзвяцігадовы хлопчык.

 Практычна палова з усіх учыненых злачынстваў -- гэта крадзяжы (116). У мінулым годзе іх было 143, раскрыта ж 71, 4 працэнта. Большая частка крадзяжоў учынена з жыллёвых аб’ектаў -- 79, зарэгістравана 18 вулічных крадзяжоў. У сельскай мясцовасці ўчынена 50 крадзяжоў, у г.Лепелі -- 47. Шляхам свабоднага доступу ўчынена 67 крадзяжоў, на аб’ектах дзяржаўнай формы ўласнасці -- 37, прыватнай формы – 62.

 У большасці выпадкаў здабыткам злодзеяў становяцца грошы, мабільныя тэлефоны, веласіпеды (67 працэнтаў ад усіх аб’ектаў крадзяжоў). 23 крадзяжы былі ўчынены асобамі ў стане алкагольнага ап’янення, сорак -- асобамі, якія маюць судзімасць, дванаццаць -– групай асоб, 29 крадзяжоў адбылося ў грамадскіх месцах.

 Найбольш распаўсюджаныя крадзяжы -- крадзяжы з кішэняў. Гэта тайны крадзеж маёмасці, які караецца ў залежнасці ад цяжкасці ўчынення злачынства ад мінімальнага пакарання ў выглядзе штрафу або пазбаўленнем свабоды да дванаццаці год з канфіскацыяй маёмасці.

 Пасля выступлення ўдзельнікаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп прысутныя звярталіся да іх з хвалюючымі пытаннямі. У прыватнасці, грамадзян цікавіць, якая адказнасць прадугледжана за вырошчванне на падвор’і маку.

 Як адзначыў старшы оперупаўнаважны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Лепельскага РАУС Яўген Кажан, за вырошчванне маку прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Віноўны будзе пакараны штрафам да дваццаці базавых велічынь.

 Да ўдзельнікаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп паступіў таксама шэраг пытанняў, на якія мы атрымалі адказ у намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Шыдлоўскага. Так, лепяльчан цікавіць, ці плануецца абуладкаванне тратуара па вуліцы Ульянка, калі будуць у горадзе ўстаноўлены светлафоры, ці будзе ў Лепелі будавацца магазін “Еўраопт”, а таксама калі будуць асфальтавацца вуліцы Інтэрнацыянальная і Барысаўскі тракт і ці плануецца будаўніцтва басейна па вуліцы Войкава, насупраць будынка раённага аддзела ўнутраных спраў. 

 Адказы на ўзнятыя пытанні мы атрымалі ў старшыні райвыканкама Аляксандра Шыдлоўскага, які адказаў, што на вуліцы Ульянка на будучае запланаваны работы па абуладкаванні тратуара. Акрамя таго, згодна з генерпальным планам забудовы, прадугледжана  будаўніцтва дарогі, якая будзе злучацьвуліцы Войкава і Ульянка.

 Устаноўка светлафораў запланавана па вуліцы Чуйкова, уздоўж якой будуецца стокватэрны дом.

 Наконт будаўніцтва магазіна “Еўраопт” Аляксандр Шыдлоўскі паведаміў наступнае: нядаўна адбыўся аўкцыён, у якім удзельнічалі чатыры буйныя прадпрыемствы, у тым ліку “Еўраопт”. Пасля праведзеных таргоў права ўзвядзення буйнога гандлёвага цэнтра па вуліцы Чуйкова атрымала будаўнічая інвестыцыйная кампанія г.Мінска. Якое ж прадпрыемства будзе размяшчацца ў новым гандлёвым цэнтры, пакажа час.

 Вуліца Інтэрнацыянальная заасфальтавана, зроблена яе разметка. Па вуліцы Барысаўскі тракт будзе праводзіцца асфальтаванне, запланаваны работы па пракладцы газаправода.

 У цяперашні час вядуцца праектна-вынаходніцкія работы для будаўніцтва басейна. Для правядзення будаўнічых работ ужо выдзелена 500 мільёнаў рублёў, з іх ужо асвоена сто мільёнаў.

 Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.