У раённай бібліятэцы

17 января 2013

У раённай бібліятэцы

    У навагоднія і калядныя дні ў бібліятэцы экспанаваліся выставы на адпаведную тэматыку. На абанеменце – выстава кніг “Снежна-пяшчотная казка зімы”. У асноўным паэтычныя творы розных аўтараў. А ў чытальнай зале зрабілі экспазіцыю “Пад чыстым калядным небам”, якая аб’яднала цікавыя навагоднія і калядныя расповяды ў перыядычных выданнях.

  У мінулым годзе ў цэнтральнай раённай бібліятэцы налічвалася амаль 5400 чытачоў.

  Сталі добрай традыцыяй сустрэчы ўдзельнікаў клуба пажылых людзей, які так і называецца – “Добрыя сустрэчы”. У мінулым месяцы праходзіў “Дзень маладога пенсіянера”. За кубачкам кавы людзі знаёміліся, расказвалі пра сябе, пра свае справы. Пра работу, на якой яшчэ нядаўна працавалі.

  А ў калядныя вечары адбыліся фальклорныя пасядзелкі “Няхай Калядаў зорка ззяе!” Сабраўшыся разам, удзельнікі клуба дзяліліся каляднымі расповядамі, традыцыямі, хваліліся, хто як накрывае калядны стол. Актыўна наведваюць мерапрыемствы клуба Галіна лагуцёнак, Валянціна Захарава, Галіна Сяргеева, Валянціна Мазгавая і іншыя.

    Новай формай супрацоўніцтва раённай бібліятэкі з аграрна-тэхнічным каледжам стала праграма “Падлеткавы мерыдыян”, ініцыятары якой Святлана Чарныш – з боку каледжа і Галіна Цішкевіч – ад бібліятэкі. Гэта творчае сустацоўніцтва бібліятэкараў з першакурснікамі, якія жывуць у інтэрнаце.

  Прайшлі тры сустрэчы. Першая называлася “Гартаючы старонкі гісторыі” – адбылося знаёмства з бібліятэкай. Другая прайшла ў выглядзе краязнаўчай гадзіны “Лепельшчына праваслаўная”. Пад час трэцяй сустрэчы рабілі агляд рэкламы перыёдыкі “Што цікавага ў прэсе?” Наступная будзе гадзінай адкрыццяў “Знакамітыя людзі Лепельшчыны”. На сустрэчы прыходзіць да пятнаццаці чалавек.
 
Віктар ЛЯШЧЫНА.