У рамках месячніка

17 ноября 2011

У рамках месячніка

У лістападзе ў вобласці праводзіцца месячнік бяспекі дарожнага руху, у ходзе якога будуць задзейнічаны шэраг устаноў, структур і прадпрыемстваў. Першым мерапрыемствам стала пасяджэнне камісіі райвыканкама па бяспецы дарожнага руху, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі раёна электрасетак, упраўлення сельскай гаспадаркі, каледжа, дзяржпрафліцэя, аддзела адукацыі, КУВП ЖКГ “Лепель” і іншых. Вялі пасяджэнне намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шыдлоўскі і начальнік АДАІ РАУС капітан міліцыі Аляксандр Трусаў.

Распрацавана праграма рэалізацыі мерапрыемстваў месячніка на Лепельшчыне, плануецца засяроджванне намаганняў на найбольш праблемных накірунках. Найперш мяркуецца ўзмацніць прафілактычную дзейнасць па ўсіх накірунках: праз сродкі масавай інфармацыі, у школах і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, на прадпрыемствах.

У сувязі са скарачэннем светлавога дня і раннім наступленнем цёмнага часу сутак актуальным з’яўляецца забеспячэнне насельніцтва святловяртальнымі элементамі. Запланаваны прафілактычныя гутаркі на гэту тэму з вучнямі школ, навучэнцамі каледжа і ліцэя, іх бацькамі. Будзе правераны шэраг гандлёвых кропак раёна на наяўнасць у продажы флікераў. Асобая ўвага будзе нададзена выкарыстанню работнікамі сельгаспрадпрыемстваў спецвопраткі са святловяртаючымі элементамі.

Адным з прынятых было рашэнне аб сумесных ДАІ і райсельгасхарчу рэйдах у сельгасарганізацыі з мэтай праверак трактараў, прычэпаў і іншага транспарту, уключаючы і гужавыя павозкі.

Раёну электрасетак пастаўлена задача забяспечыць стопрацэнтнае функцыянаванне вулічнага асвятлення ў населеных пунктах, асабліва якія знаходзяцца паблізу рэспубліканскіх аўтадарог.

Васіль МАТЫРКА