Уласны камбікорм

14 февраля 2014

Уласны камбікорм

Рэнтабельнасць вытворчасці малака ў КУВСГП “Лепельскае” за мінулы год была на ўзроўні дзевяці працэнтаў. Мала гэта ці шмат?

Рэнтабельнасць вытворчасці малака ў КУВСГП “Лепельскае” за мінулы год была на ўзроўні дзевяці працэнтаў. Мала гэта ці шмат? Некаторыя прадпрыемствы могуць пахваліцца рэнтабельнасцю ў дзясяткі, а то і сотні працэнтаў, аднак яны, як правіла, звязаны з нафтахімічнай вытворчасцю. У сельскай жа гаспадарцы восем – дзесяць працэнтаў лічацца добрым, стабільным паказчыкам. Тым больш, што галоўным паказчыкам любой гаспадарчай дзейнасці ў цяперашніх умовах павінна быць рэнтабельнасць – такі няўмольны закон рынкавай эканомікі.

На пяці фермах “Лепельскага” ўтрымліваюцца 2446 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх дойных кароў – 855. Валавы надой за суткі 9800 – 9850 кілаграмаў, сярэднясутачны ўдой на карову вагаецца ад 11,6 да 11,8 кілаграмаў. З аднаго боку зразумела, што гэта няшмат, нават мала. З другога боку ўлічым, што сярэдзіна зімы – пара запуску, калі большасць кароў цельныя, у чаканні прыплоду многія зусім не дояцца. З сярэдзіны ж лютага пачынаецца перыяд масавага расцёлу, калі са з’яўленнем на свет маладняку ў разы прырастаюць і надоі.

Таварнасць малака трымаецца на ўзроўні 85 працэнтаў. Большасць прадукцыі рэалізуецца на МКК гатункам экстра, астатняе – вышэйшым. За кілаграм экстры гаспадарка атрымлівае 4280 рублёў, за вышэйшы гатунак – 3687 рублёў.

Усім жывёлагадоўчым працэсам кіруе намеснік дырэктара прадпрыемства па жывёлагадоўлі Вікторыя Валевіч. Перыядычны аб’езд ферм, праверка выканання рэжыму кармлення, умоваў утрымання – толькі некаторыя з яе абавязкаў.

Пасля рамонту, рэканструкцыі ўсе фермы мадэрнізаваны. А новы комплекс, які будуецца ў Малым Поўсвіжы, увогуле спраектаваны робатызаваным, удзел чалавека ў працэсе вытворчасці малака ўвогуле будзе зведзены да мінімуму.

У жывёлаводчым сектары за снежань сярэдняя налічаная заработная аплата склала 3013 тысяч рублёў, у даярак – 3301 тысячу. Калі ж браць па фермах, то самы вялікі заробак быў у даярак з фермы ў Паддуб’і – 3992 тысячы рублёў, у Вялікім Поўсвіжы – 3850 тысяч. Жывёлаводы Вялікага Поўсвіжа адстаюць не нашмат – 3654 тысячы. А вось сярэдні заробак жывёлаводаў на ферме ў Малым Поўсвіжы, мякка скажам, не ўражвае – толькі 1561 тысяча.

Вясной жа, сцвярджае спецыяліст, з павелічэннем надояў несумненна павялічыцца і заработная аплата, у гэтым прама зацікаўлены ўсе. Так, летам заробкі даярак, пастухоў даходзілі да пяці мільёнаў рублёў і вышэй.

Васіль МАТЫРКА