Одно окно
Обращения граждан и юрлиц
Официальные документы
Справочная информация
Единый день информирования
SMS-вопрос
Официальное опубликование
Общественные обсуждения
Охрана труда
Комиссия по противодействию коррупции
Гуманитарное сотрудничество
Местные бюджеты
Наблюдательная комиссия
Пустующие и ветхие дома
Важная информация
О психологическом собеседовании
10 мая 2012
Урокі на дарозе
Заслонаўская школа – стаіць акурат ля самой дарогі. Дарога некалі і зусім была бойкай. Зараз жа хоць крыху і пацішэла, ды не нашмат стала бяспечней. Дзеці і дарога – паняцці не вельмі сумяшчальныя. Дзеці на дарозе – заўсёды падстава для хвалявання. У мясцовай школе навучыліся жыць пры дарозе – тут дарогу вывучаюць, асвойваюць, “прыручаюць”.
Вось і нядаўна школа актыўна падключылася да творчага праекта “Бяспечны пераход 2012”. Узяць, напрыклад, флікеры. Часам і дарослыя легкадумна пасмейваюцца з закліка “Пазнач сябе ў цемры”, што ўжо казаць пра дзяцей. Падлеткі не любяць, калі ім штосьці настойліва навязваюць, яны хочаць выглядаць самастойна, модна, элегантна, па-даросламу. А тут раптам – нейкая “дзіцячая” атрыбутыка на вопратцы, якая свеціцца. З хлопцамі прасцей: па-першае, яны не такія капрызныя ў адзенні, а па-другое, лёгкая прамысловасць апошнім часам здорава паклапацілася, распрацаваўшы шэраг мадэляў модных спартыўных касцюмаў, куртак для хлопчыкаў, якія ўтрымліваюць элементы з адбіткам святла. А вось з дзяўчатамі – цэлая бяда, бо якая ж модніца добраахвотна пагодзіцца “псаваць” свой элегантны выгляд недарэчнай палоскай флікера на рукаве моднага гарнітура ці паліто!
У школе вырашылі падключыць фантазію. Удзел у творчым конкурсе “Захоўвай законы дарог” прадугледжваў распрацоўку эскіза лепшага жаночага касцюма са светлазваротнымі элементамі. Дзяўчаты з задавальненнем уявілі сябе мадэльерамі. Іх фантазія намалявала такія арыгінальныя бальныя сукенкі, жакеты… з флікерамі. Лепшыя работы – у сямікласніцы Марыі Шпілеўскай, шасцікласніцы Леры Сауцінай, васьмікласніцы Алы Барташ. А яшчэ былі конкурсы на лепшае сачыненне і малюнак на адпаведную тэматыку. Пераможцаў шмат – Віталь Балабан, Арцём Хадакоўскі, Карына Шалак, Алена Кліменціёнак, Ганна Лантух, Таццяна Лазоўская. А ўрэшце ў пераможцах аказаліся ўсе – і дзеці, і настаўнікі. Дзеці прынялі правілы “гульні”, пад час якой спакваля асвойвалі дарогу, а настаўнікам даводзілася ўсё меней за іх хвалявацца. Бо калі ты папярэджаны – ты ўзброены.
На першым паверсе школы аформілі стэнды па правілах дарожнага руху. Ва ўсіх класах, ад пачатковых і па дзявяты, правілы паводзін на дарогах вывучаюць на ўроках “Асноваў бяспекі жыцця”. Вядзе ўрокі настаўнік АБЖ Андрэй Лазоўскі. Праводзяць таксама і практычныя заняткі, на якіх, напрыклад, асвойваюць бяспечны маршрут ад школы дадому. Педагог-арганізатар Алена Скібская з дзецьмі намалявалі з дапамогай камп’ютара шэраг дарожных знакаў. Знакі акуратна змясцілі пад плёнку, прыбілі да іх дрэўкі, каб зручней было трымаць. Атрымалася вельмі прыгожа. Такая работа захапіла і прывабіла дзяцей.
Не спынілася вывучэнне правілаў дарожнага руху і на школьных канікулах. З лепельскага кінавідэапрадпрыемства, з якім даўно і плённа супрацоўнічаюць, школа выпісала навукова-пазнавальны фільм “Правілы дарожнага руху для маленькіх”. З задавальненнем прагледзелі яго пачаткоўцы..
Нярэдкія госці ў школе і супрацоўнікі раённай дарожнай аўтаінспекцыі. Яны выступаюць з гутаркамі, дзе на канкрэтных прыкладах распавядаюць дзецям, што жарты на дарозе кепскія, а каб адчуваць сябе на ёй упэўнена, трэба сур’ёзна вывучыць яе непрадказальны характар.
Каардынуе працу па вывучэнні правілаў дарожнага руху ў Заслонаўскай школе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вікторыя Кірый.
Уладзімір МІХНО, фота аўтара На здымку:заслонаўскія вучні “асвойваюць аўтадарогу”