Уславілі мужнасць і гераізм

11 апреля 2013

Уславілі мужнасць і гераізм

Больш за дваццаць год прайшло з таго часу, як савецкія войскі былі выведзены з Афганістана. Аднак адгалоскі тых страшных, жудасных дзён і зараз шчымлівым болем адгукаюцца ў сэрцах бацькоў, родных і блізкіх салдат, афіцэраў, якія аддалі свае жыцці, выконваючы свой інтэрнацыянальны абавязак. Падзеі вайны ў далёкім Афганістане назаўсёды засталіся ў жудасных успамінах воінаў, якія, прайшоўшы праз жахі далёкай вайны, засталіся жывымі. Мы нізка схіляем галовы перад мужнасцю і адвагай воінаў-інтэрнацыяналістаў і захоўваем святую памяць аб тых, хто не вярнуўся з поля бою…

Захапленне подзвігамі адважных воінаў-інтэрнацыяналістаў мы павінны перадаць наступным пакаленням. Данінай памяці аб іх подзвігах стаў турнір па баскетболе, прысвечаны памяці воіна-інтэрнацыяналіста Ігара Салаўёва, які кожны год праводзіцца ў нашым раёне. Удзел у турніры прымаюць каманды гарадскіх і сельскіх школ нашага горада і раёна. Хлопцам, якія паспяхова абараняюць гонар сваіх навучальных устаноў у шэрагу спартыўных мерапрыемстваў, у будучым прадстаіць служыць у радах Узброеных Сіл, і ўжо зараз ім уласцівы дух патрыятызму, гатоўнасць абараніць гонар Радзімы. Сёлета ўдзел у турніры пажадалі прыняць восем каманд усіх школ горада, а таксама Бароўскай, Старалядненскай, Слабадской і Заслонаўскай сярэдніх школ.

 Урачыстае адкрыццё турніру адбылося ў спартыўнай зале Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Падтрымаць юных спартсменаў у адказны час гульні пажадалі старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Сяргей Крывель, многія воіны-інтэрнацыяналісты нашага раёна. Старшынёй судзейскай калегіі быў прызначаны дырэктар дзяржаўнай установы “Лепельскі раённы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр” Раман Стрыпейкіс.

 З прывітальным словам да ўдзельнікаў турніру звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін. Цёплыя пажаданні хлопцам выказалі намеснік старшыні абласной арганізацыі ГА “Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Антон Ждановіч і намеснік старшыні рэспубліканскай арганізацыі ГА “Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Сяргей Чайкун. Пад апладысменты прысутных былі прадстаўлены члены судзейскай калегіі -– настаўнікі фізкультуры сярэдніх школ раёна Уладзімір Сездзін, Сяргей Ткачэнка, Леанід Воюш, Андрэй Лазоўскі, выкладчык фізкультуры Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя Марына Бабылёва і інструктар-метадыст раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Наталля Шыпуля.
 Перад пачаткам гульняў спарстмены былі раздзелены на дзве падгрупы. У спартыўзнай зале Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа прадстаяла ўступіць у паядынак камандам гімназіі імя І.Ерашова, сярэдняй школы № 4, а таксама Бароўскай і Слабадской сярэдніх школ. Удзельнікі каманд сярэдніх школ № 1 і № 3, а таксама Заслонаўскай і Старалядненскай СШ змагаліся за перамогу ў спартыўнай зале Лепельскага дзяржпрафліцэя.

 Пачынаюцца спартыўныя паядынкі. Настаўнікі, госці турніру ўважліва сочаць за гульнёй юных баскетбалістаў.

Сапраўды, паядынкі юных баскетбалістаў аказаліся вельмі напружанымі. У перыяд гульні ў зале не сціхалі воклічы балельшчыкаў, настаўнікі фізкультуры актыўна падбадзёрвалі сваіх выхаванцаў.

 Нарэшце, надышоў хвалюючы момант падвядзення вынікаў гульні. Першае месца ў турніры прысуджана камандзе Бароўскай сярэдняй школы, другое месца занялі юныя баскетбалісты сярэдняй школы № 1, а трэцяе -– гімназіі імя І.Ерашова. Добра праявілі сябе ў гульні вучні Заслонаўскай сярэдняй школы, якім прысуджана чацвёртае месца. Лепшым іграком турніру прызнаны вучань Бароўскай сярэдняй школы Аляксандр Крывец.

 Каманда-пераможца ўзнагароджана Пераходным кубкам. Акрамя таго, каманды, якія занялі прызавыя месцы, атрымалі Дыпломы аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, а кожны з удзельнікаў узнагароджаны медалём. Лепшаму іграку турніру, вучню Бароўскай сярэдняй школы Аляксандру Крыўцу, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Андрэй Пшонка ўручыў спецыяльны прыз. Каманда ж Заслонаўскай сярэдняй школы, якая заняла чацвёртае месца, узнагароджана спецыяльным прызам воіна-інтэрнацыяналіста Аляксандра Шэйнермана.

  Школы нашага горада і раёна могуць па праву ганарыцца сваімі вучнямі, якія ўжо не першы год на высокім узроўні абараняюць гонар навучальных устаноў. У будучым яны абавязкова стануць дастойнымі абаронцамі Радзімы.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.