Увосень – работ восем

8 сентября 2011

Увосень – работ восем

У гаспадарках раёна закончылася жніво, вядзецца ўборка яравога рапсу, насеннікаў бабовых траў, азімых крыжацветных культур, кукурузы, ільну, бульбы, гародніны. Напрыклад, “Каралева палёў” была пасаджана сёлета на 3,7 тысячах гектараў, што на 830 гектараў больш мінулагодняга. Сярэдняя ўраджайнасць з гектара дасягае 380 цэнтнераў зялёнай масы. Гэта дазволіць стварыць добры кармавы падмурак для стойлавага ўтрымання жывёлы, значна павялічыць вытворчасць малака і мяса.

Увесь лён, які размешчаны ў бягучым годзе больш як на 630 гектарах, ужо выцераблены. Першыя трыццаць гектараў спрэсаванага і адвезенага на льнозавод “паўночнага шоўку” далі 175 тон льнотрасты сярэднім нумарам 0,92. Наспела неабходнасць ставіць лён у конусы, прасушваць яго, лавіць кожную пагодлівую хвіліну для таго, каб зладжана працаваў уборачны канвеер па давядзенню да ладу гэтай культуры, продажы яе дзяржаве.

Бульба пасаджана ў гаспадарках раёна на 310 гектарах, што на 70 гектараў больш, чым летась. Першыя выкапаныя ў ААТ “Лядна” гектары “другога хлеба” прынеслі сярэднюю ўраджайнасць з гектара 200 цэнтнераў.

На палях раёна на 37 гектарах размешчана гародніна: капуста, морква, буракі.

Вядзецца ворыва глебы пад азімыя збожжавыя культуры, пратручваецца насенне. Актыўна вядуць сяўбу ў СВФ “Заазер’е”, КУВСГП “Лепельскае”, ААТ “Лядна”, некаторых іншых гаспадарках. Усяго азімыя культуры мяркуецца размясціць на 8,5 тысячах гектараў. Гэта работа павінна быць выкананана ў аптымальныя тэрміны.

Прынята рашэнне райвыканкама аб прыцягненні навучэнскай моладзі для выканання сельскагаспадарчых работ. Толькі з аграрна-тэхнічнага каледжа і дзяржпрафліцэя задзейнічана больш 230 чалавек. Працуюць на палях і старшакласнікі сярэдніх, базавых агульнаадукацыйных школ. Аднак гэтага недастаткова, улічваючы значныя плошчы, занятыя пад бульбай, льном, гароднінай. Таму без дзейснай дапамогі шэфаў з гарадскіх прадпрыемстваў і ўстаноў таксама немагчыма будзе абысціся.

М. АЗЁРНЫ