Вадохрышча

26 января 2012

Вадохрышча

Напярэдадні цудоўнага праваслаўнага свята –- Вадохрышча –- ва ўсіх храмах нашага горада і раёна сабралася шмат прыхаджан.

Напярэдадні цудоўнага праваслаўнага свята –- Вадохрышча –- ва ўсіх храмах нашага горада і раёна сабралася шмат прыхаджан. У час богаслужэнняў вернікі чыталі словы малітвы за сваіх родных і блізкіх, бралі ў святую ваду, якая мае вялікую цудадзейную сілу.

 Вадохрышча мае асаблівую адметнасць. Менавіта гэтым святам заканчваюцца Калядныя святкі, якія доўжацца з сёмага па 19 студзеня. Свята пачынаецца вечарам 18 студзеня, калі адзначаецца Хрышчэнская Куцця. Гэта строгі пост, прыгатаванне перад вялікім праваслаўным святам –- Богаяўленнем Гасподнім. Па традыцыі ўся сям’я, як і перад Калядамі, збіраецца за сталом, да якога падаюцца толькі посныя стравы, з рысу, мёду і разынак гатуецца куцця.

 У гэты святочны дзень і ў дзень Хрышчэнскай куцці адбываецца Вялікае вадохрышча. У храмах збіраецца вялікая колькасць людзей па святую ваду. Калі ж чалавек не можа прыйсці на службу, ён можа адчуць гаючую сілу вады, якая бярэцца з вадаёма ў вадохрышчанскую ноч. Святая вада загойвае раны і нясе з сабой Божае благаславенне. Свята Вадохрышча называецца таксама святам Богаяўлення, таму што пры Хрышчэнні Госпада перад людзьмі з’явілася Прасвятая Тройца.

 Шмат праваслаўных вернікаў у гэты дзень сабралася не толькі ў храмах. Благачынны цэркваў Лепельскай акругі іерэй Адам Каляда ў гэты дзень асвяціў возера Лепельскае, настаяцель храма іконы Божай Маці “Уладзімірская” іерэй Уладзімір Дагодзька сустрэў прыхаджан ля святых крыніц “На крыжах”, непадалёк ад вёскі Заслонава. Многія ў гэты дзень пажадалі акунуцца ў святой купелі. Ваду на возеры Шчыбат у вёсцы Бароўка асвяціў настаяцель храма іконы Божай Маці “Неўпіваемая чаша” іерэй Уладзімір Кажаноўскі, настаяцель храма Узнясення Гасподня ў вёсцы Пышна Іаан Вабішчэвіч зрабіў асвячэнне вады ў хатнім храме цэнтральнай раённай бальніцы, асвяціў ваду для работнікаў і пажылых людзей у Пышнянскай бальніцы сястрынскага догляду. Асвячэнне вады адбылося ў аграгарадку Баброва, вёсцы Звязда. Асвячэнне вады ля калодзежа ў вёсцы Юркоўшчына правёў настаяцель храма Праабражэння Гасподня ў г.Лепель Сергій Ляшкевіч. Асвячэнне адбылося і ў іншых населеных пунктах.

Настаяцелі храмаў, сёстры праваслаўнага сястрынства ўзнёсла сустракалі ўсіх прыхаджан у праваслаўных храмах, прапаноўвалі ўсім выпіць і ўзяць з сабой святой вады, якая нясе Божае благаславенне і гаючасць.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымку:  прыхаджан храма Ражства Хрыстова ў г.Лепелі акрапляе святой вадой свяшчэннік Іаан Вабішчэвіч.
Фота аўтара