Ветэрынарнае абслугоўванне

12 декабря 2013

Ветэрынарнае абслугоўванне

  (з пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў)

Абмеркаванню шэрага акутальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна было прысвечана чарговае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Галоўны ветэрынарны ўрач Лепельскага раёна Святлана Знарок у сваім выступленні ўсебакова асвяціла тэму “Аб стане ветэрынарнага абслугоўвання і захавання пагалоўя жывёл у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян Лепельскага раёна”.

У асабістых падсобных гаспадарках грамадзян на тэрыторыі Лепельскага раёна праводзяцца прафілактычныя вакцынацыі супраць сібірскай язвы буйной рагатай жывёлы. На тэрыторыі раёна ёсць восем неспрыяльных пунктаў. Гэта вёскі Пяскі, Курмялёўка, Губіна Каменскага сельсавета, вёскі Залессе, Баброва (Баброўскі сельсавет), в.Вялікае Жэжліна Лепельскага сельсавета, а таксама в.Кавалевічы (Валосавіцкі сельсавет).
Апошні выпадак сібірскай язвы на тэрыторыі нашага раёна быў зарэгістраваны  ў вёсцы Кавалевічы Валосавіцкага сельсавета ў 1955 годзе.

Дыягнастычныя даследаванні на туберкулёз у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян раёна праводзяцца адзін раз за год. Калі высвятляецца, што арганізм жывёлы рэагуе на туберкулін, яна ў абавязковым парадку здаецца на мясакамбінат. Адбіраюцца пробы лімфатычных вузлоў для бактэрыялагаічнага даследавання. Апошні выпадак захворвання туберкулёзам на тэрыторыі раёна быў зарэгістраваны ў 1988 годзе ў вёсцы Пышна.

Работнікамі ветэрынарнай службы раёна штогод праводзяцца дыягнастычныя даследаванні сывараткі крыві на бруцалёз ад жывёл з асабістых падсобных гаспадарак. Апошні выпадак захворвання бруцалёзам на тэрыторыі раёна быў зарэгістраваны ў 1958 годзе ў вёсцы Макараўшчына Каменскага сельсавета.

У аддзеле дыягностыкі ЛПУ “Лепельская райветсатнцыя” вядуцца даследаванні пчол на інфекцыйныя і інавазійныя захворванні: амерыканскі і еўрапейскі гнільцы, аспергілёз, аскафероз і нозематоз. Ветэрынарныя ўрачы райвестанцыі вядуць абследаванне пчальнікоў на адпаведнасць ВСП з наступнай выпіскай пашпарта, які гарантуе якасць і бяспеку прадукцыі пчалаводства.

Аказваецца платнуая лячэбная дапамога жывёле. За дзесяць месяцаў бягучага года аказана платных паслуг на суму 261, 7 мільёна, у тым ліку насельніцтву на 114, 2 мільёна рублёў. Сродкі былі накіраваны на бягучы рамонт, набыццё рэактываў і пажыўнага асяроддзя для аддзела дыягностыкі, набыццё запчастак для аўтатранспарту і іншыя патрэбы.

Забой іншых прадукцыйных жывёл для наступнай рэалізацыі мяса і прадуктаў забою дапускаецца ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян пад кантролем спецыяліста ветэрынарнай службы.

Да першага студзеня 2014 года дапускаецца самастойна рабіць забой буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней, коней, іншых прадукцыйных жывёл для наступнай рэалізацыі мяса і прадуктаў забою ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян пад кантролем спецыяліста ветэрынарнай службы з абавязковай наступнай ветэрынарна-санітарнай экспертызай туш і органаў. Пры гэтым у межах забеспячэння ветэрынарнага дабрабыту па ўказанні галоўнага дзяржаўнага ветэрынарнага ўрача Рэспублікі Беларусь або яго намеснікаў на адпаведных тэрыторыях Рэспублікі Беларусь могуць устанаўлівацца часовыя абмежаванні па правядзенні забою буйной рагатай і дробнай рагатай жывёлы, свіней, коней і іншай прадукцыйнай жывёлы для наступнай рэалізацыі мяса і прадуктаў забою.

Пахаванне і знішчэнне трупаў прадукцыйных жывёл павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з Ветэрынарна-санітарнымі правіламі захавання і знішчэння трупаў жывёл, прадуктаў жывёльнага паходжання, якія не адпавядаюць патрабаванням ветэрынарна-санітарных парвілаў, зацверджаных пастановай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

У РАДЫУСЕ НЕ МЕНШ ЗА ПЯЦЬ КІЛАМЕТРАЎ АД СВІНАГАДОЎЧЫХ ФЕРМ  і комплексаў забараняецца ўтрыманне свіней фізічнымі асобамі ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян. Незахаванасць патрабаванняў ветэрынарна-санітарных правілаў цягне крымінальную, адміністрацыйную і іншую адказнасць згодна з заканадаўчымі актамі.

У завяршэнне свайго выступлення Святлана Знарок адзначыла, што ў цяперашні час назіраецца памяншэнне пагалоўя свіней ў асбістых падсобных гаспадарках грамадзян Лепельскага раёна ў сувязі з забаронай на ўтрыманне свіней ў пяцікіламетровай зоне вакол свінагадоўчых комплексаў. Эпізаатычная сітуацыя па афрыканскай чуме, якая складваецца, у прыватнасці, у Віцебскай вобласці, не садзейнічае павелічэнню пагалоўя свіней у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян. Насельніцтву рэкамендуецца заняцца развядзеннем альтэрнатыўных відаў жывёл (бычкі, авечкі, козы і г.д.).

У час пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў былі разгледжаны і іншыя акутальныя пытанні, па кожным з якіх прыняты адпаведныя рашэнні.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.