Ветразь юнацтва

2 ноября 2011

Ветразь юнацтва


Лепяльчане ўжо не ўпершыню на Ямале. Каторы год у нашым горадзе фарміруецца моладзевы будаўнічы атрад, які штолета едзе працаваць на крайнюю Поўнач Расіі, у зону вечнай мерзлаты. Вось і сёлета дваццаць чатыры хлопцы з Лепельшчыны, навучэнцы ліцэя і каледжа падаліся на паўвостраў Ямал, “за туманом и за запахом” … грошай.

Яны вярнуліся не так даўно, у сярэдзіне верасня. Хлопцы не толькі “нармальна” папрацавалі, але і “нармальна” зарабілі. А яшчэ яны прывезлі на радзіму класныя сувеніры і багата розных уражанняў.

 Цягніком яны ехалі з Мінска на Маскву. Там зрабілі перасадку і зноў жа цягніком з Масквы на Лабытнангі. Затым ноч правялі ў інтарнаце, а на раніцы селі на цягнік да Баваненкава. Гэта іх база. Адтуль да мора Карскага рукой падаць – усяго шэсцьдзесят чатыры кіламетры. Ненцы там качуюць, статкі аленяў пераганяюць. Народ своеасаблівы. Ходзяць у шкурах аленяў, з сабакамі. Але ў іх уласныя генератары стаяць. Ёсць камп’ютары, DVD. Жывуць яны даволі багата. Дзеці іх вучацца ў гарадскіх школах.

 Працавалі на будаўнічых аб’ектах – на вузле сувязі, на каналізацыйна-ачышчальных збудаваннях, фарбавалі эстакады, платы, планшыравалі грунт, працавалі і на будаўніцтве дарогі. Першая змена – з сямі раніцы і да шасці вечара, другая – уначы.
Успомніць ёсць што. Палову Расіі праехалі. Праз Уральскія горы пераязджалі – такая прыгажосць! У Маскве спыняліся, на Краснай плошчы былі. Украіну пабачылі, бо назад вярталіся праз Харкаў. Свет пабачылі. Таму, хто ўвесь час сядзіць дома, цяжка нават уявіць, які прыгожы, шматгранны свет.

 Уладзімір МІХНО
На здымку: ямальскія будні лепельскіх хлопцаў