Вынікі форуму “Экалогія без межаў”

3 августа 2010

Вынікі форуму “Экалогія без межаў”

 29 ліпеня ў Доме экалагічнай асветы ў Домжарыцах адбылося ўрачыстае закрыццё злёту юных эколагаў Беларусі і Расіі “Экалогія без межаў”, які праводзіўся на базе Бярэзінскага запаведніка пад эгідай Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай федэрацыі. Лепшыя з лепшых школьнікаў двух братэрскіх краін адзначаны дыпломамі, прызамі, памятнымі сувенірамі. Былі ўзнагароджаны абсалютныя пераможцы, якія вызначыліся ў тэарэтычнай частцы конкурсу на веданне пытанняў агульнай экалогіі, аховы прыроды і практычным выкананні самастойных экалагічных даследаванняў. Дыплом першай ступені заваявала Ганна Даманцэвіч з Гомельскай вобласці, а дыпломы другой і трэцяй ступені атрымалі адпаведна Дар’я Нікітчанка і Сяргей Ярашэвіч, якія прадстаўлялі горад Мінск.

 У практычнай рабоце палявых лабараторый, індывідуальным заліку па секцыях перамаглі: па арніталогіі – Раман Пруднікаў з Магілёўшчыны, энтамалогіі – Арцём Драгалаў з Гродненшчыны, геабатаніцы – Вікторыя Антропава з Рэспублікі Мары Эл Расійскай фэдэрацыі, гідрабіялогіі – Вадзім Гацура з Брэсцкай вобласці, глебазнаўству – Сяргей Косцін з Кастрамской вобласці Расіі.

 Чарговы злёт юных эколагаў Беларусі і Расіі пройдзе праз два гады на тэрыторыі Расійскай фэдэрацыі.
 Мікалай ГАРБАЧОЎ