Хрэсны ход на Лепельскай зямлі

23 апреля 2010

Хрэсны ход на Лепельскай зямлі

     На Лепельскую зямлю ступіў Другі ўсебеларускі хрэсны ход. Пачаўся ён на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці-героя. Удзельнікі з іконамі, лампадамі і харугвамі прайшлі праз усю Беларусь і дабраліся да Лепельшчыны. Як самую каштоўную святыню вязуць з сабой латунную капсулу. У яе засыпаюць зямлю з месцаў жаркіх баёў і масавых захаванняў савецкіх грамадзян, загубленых фашыстамі.

     Асноўныя ўрачыстасці прайшлі ля помніка савецкім воінам перад чыгуначным вакзалам. Удзень на плошчы роўнымі радамі выстраіліся ваеннаслужачыя часцей Заслонаўскага гарнізона, члены раённай арганізацыі БРСМ, піянеры, школьнікі. У мерапрыемстве прымалі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх аб'яднанняў, жыхары горада. Працэсія з лампадамі і харугвамі рушыла ад храма ў імя Праабражэння Гасподня да помніка.

     Першае слова сказаў іераманах Віцебскай епархіі айцец Сергій Канстанцінаў. Ва ўсе часы праваслаўная царква благаслаўляла на самаадданае і вернае служэнне Айчыне. Калі вораг напаў на нашу Радзіму, царква забылася на ўсе крыўды, нанесеныя ёй савецкай уладай, і ўсе сілы ўліла ў агульную барацьбу супраць карычневай чумы. У той час, як на франтах салдаты ламалі фашысцкі хрыбет, у тыле ворага не давалі яму спакойна спаць партызаны і падпольшчыкі, святары ў цэрквах узносілі малітвы аб перамозе нашай арміі. Многія святары, падобна старажытным манахам-волатам Перасвету і Аслябя, узялі ў рукі зброю і самі мужна ішлі ў бой. Многія былі адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі.

     Пасля прамоў у капсулу засыпалі зямлю з Чарнаручча – месца масавых расстрэлаў савецкіх грамадзян. Пасля Лепеля капсула з хрэсным ходам працягне шлях па Беларусі, удзельнікі завершаць яго ў Мінску на Дзень Перамогі.