Замарашка

3 апреля 2013

Замарашка

Спектакль пад такой назвай у сумеснай пастаноўцы артыстаў тэатраў “Пошук” і “Сюрпрыз” дзіцячай школы мастацтваў паказаны быў лепельскаму гледачу на галоўнай сцэне раённага дома культуры ў Міжнародны дзень тэатраў.

 Перад спектаклем зазірнуў за кулісы, артысты прыкметна хваляваліся. І не дзіва –- для большасці гэта быў дэбютны выхад на сцэну. Рэжысёр пастаноўкі Віктар Джамілашвілі падбадзёрваў сваіх выхаванцаў, даваў апошнія ўказанні і парады. Пажадаўшы ўсім поспеху, вярнуўся ў глядзельную залу. 

 Публіка сабралася разнастайная: паглядзець на сваіх дзяцей прыйшлі мамы і таты, на сяброў – школьнікі, шмат было і простых аматараў культурнага адпачынку. 

 Заслона паднялася, дзея пачалася. 

 Спектакль пастаўлены па п’есе польскага драматурга Януша Главацкага “Замарашка”, у цэнтры – падзеі, якія разгортваюцца ў калоніі для малалетніх злачынцаў. А калі дадаць яшчэ, што злачынцы – дзяўчынкі… Гераіні жывуць рэальным жыццём, яны рана пасталелі, але ж і ў гэту суровую рэчаіснасць прарываюцца юначыя мары і памкненні, пачуцці.

 Як падлеткі трапілі за краты? На кім ляжыць віна за гэта? Найперш на нас, дарослых – адназначны адказ рэжысёра. І вострую актуальнасць гэта праблема будзе мець заўсёды. 

 “Замарашку” лепельскія тэатралы ставілі ў 2003 годзе, спектакль атрымліваў прызы на фестывалях, конкурсах, быў з удзячнасцю прыняты гледачамі многіх гарадоў. Рэжысёру праз дзесяць гадоў захацелася зноў вярнуцца да матэрыялу, паглядзець, як новае пакаленне артыстаў адчуе тэму, як успрымуць яе новыя гледачы. Між іншым, у зале прысутнічалі колішнія акцёры-выканаўцы першай пастаноўкі. 

 Па заканчэнні спектакля зала апладзіравала артыстам стоячы. 

 У фае гледачы дзяліліся эмоцыямі, яшчэ і яшчэ раз узгадвалі найбольш запамінальныя моманты. 

 За кулісамі артысты прымалі віншаванні з удалай прэм’ерай, дэбютам. Слёзы радасці каціліся па шчаках.

 Спектакль адбыўся -- у адзін голас сцвярджаюць аматары тэатральнага мастацтва. І чакаюць наступных яркіх, эмацыйных пастановак.

Васіль МАТЫРКА.