Заняткі пад зялёным ветразем

26 июля 2013

Заняткі пад зялёным ветразем

Традыцыйна штогод сельскія бібліятэкары раёна праходзяць заняткі ў творчай лабараторыі, пад час якіх абменьваюцца вопытам і ўзбагачаюць сваё прафесійнае майстэрства.

Традыцыйна штогод сельскія бібліятэкары раёна праходзяць заняткі ў творчай лабараторыі, пад час якіх абменьваюцца вопытам і ўзбагачаюць сваё прафесійнае майстэрства. Гэтым разам трынаццаць чалавек сабраліся на базе Домжарыцкай бібліятэкі. Гаспадары пазнаёмілі гасцей з работай сваёй установы – тыя паглядзелі, як аформлена бібліятэка, азнаёміліся з асноўнымі мерапрыемствамі, якія ў ёй праводзіліся апошнім часам. Добрыя ўражанні пакінула ў гасцей наведванне Дома экалагічнай асветы. Шмат цікавага пачулі пра гісторыю стварэння Бярэзінскага біясфернага запаведніка, паглядзелі фільм Ігара Бышнева “Бярэзінскі біясферны запаведнік”. Часова, пакуль у музеі запаведніка праходзіць рамонт, у Доме экалагічнай асветы экспануецца частка музейнай экспазіцыі, з якою таксама бібліятэкары паймелі магчымасць пазнаёміцца.

А затым яны выйшлі на “экалагічную сцяжыну”, дзе сустрэліся з казачнымі ляснымі жыхарамі – Царом, Русалкай, Лешым, Бабай Ягой, Кікіморай і Балотнікам. Аднак, казка тут суседнічае з рэальнасцю, якая, зрэшты, таксама казачнага хараства. Ну, напрыклад, верхавое балота, дзе ўдзельнікі творчай лабараторыі пазнаёміліся з жыхаром гэтых мясцін… Балотнікам, даведаліся, хто ён такі, дзе жыве, чым палохае тут заблудзіўшых падарожнікаў.

Госці мелі магчымасць з дзесяціметровай вышкі любавацца хараством прыроднай панарамы.

А напрыканцы яны завіталі да вальераў з мядзведзямі, ласямі,  казулямі, зубрам, янотам, адзінокім самотным лебедзем, які пачціва захоўвае адданасць сваёй памерлай лябёдцы.

Мерапрыемства насіла назву “Пад зялёным ветразем – у будучыню” і было экалагічнай накіраванасці з элементамі тэатралізацыі.

Уладзімір МІХНО.
 На здымку: творчая лабараторыя бібліятэкараў у Домжарыцах.