Заслужаная ўзнагарода

29 ноября 2011

Заслужаная ўзнагарода

Начальнік аддзялення паштовай сувязі Стаі Людміла Быкава прадствіла наш раён у абласным конкурсе на лепшае аддзяленне паштовай сувязі па прыцягненню грашовых сродкаў ва ўклады. Конкурс праводзіўся сярод аддзяленняў паштовай сувязі Віцебскай вобласці, дзе прырост па прыёму ўкладаў за кастрычнік дасягнуў не менш двух мільёнаў рублёў.

У аддзяленні паштовай сувязі Стаі толькі за кастрычнік бягучага года прыцягнута 32 мільёны рублёў грашовых укладаў. Прыемна адзначыць, што па выніках конкурсу начальнік аддзялення Людміла Быкава заняла другое месца і ўзнагароджана грашовай прэміяй.

 Любімай рабоце Людміла Антонаўна прысвяціла амаль трыццаць год. Нарадзілася жанчына ў вёсцы Сітнікі, непадалёк ад Стай. Скончыўшы восем класаў Стайскай сярэдняй школы, атрымала спецыяльнасць закройшчыка ў Віцебскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы. Праз некаторы час выйшла замуж і тут жа, на Лепельшчыне, пачала свой працоўны шлях. Спачатку ўладкавалася на працу швачкай у Камбінат надомнай працы, а затым прыйшла працаваць у Стайскае аддзяленне паштовай сувязі.

 За некалькі дзясяткаў год любімая прафесія стала для Людмілы Антонаўны неад’емнай часткай жыцця. Сваё захапленне прафесіяй жанчына перадала і сваім дзецям. Старэйшая дачка Таццяна -- аператар па дачы водпускаў раённага вузла паштовай сувязі. Аператрам у аддзяленні паштовай сувязі Стаі працуе і малодшая дачка Ала. Абедзве дочкі ўжо стварылі свае сем’і і падарылі бацькам унукаў. Самы старэйшы, Сярожа -- сямікласнік, а яго малодшая сястрычка Ірынка вучыцца ў пятым класе. Мікіта вучыццца ў трэцім класе, а Стасу споўнілася чатыры гады.

 Муж Людмілы Антонаўны Мікалай Сямёнавіч працуе рабочым участка кацельных і цеплавых сетак аграгарадка Стаі КУВП ЖКГ “Лепель”. І калі ўся сям’я збіраецца разам, сэрца Людмілы Антонаўны напаўняецца невыказнай радасцю.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ (Фота аўтара)

На здымку: Людміла Быкава з заслужанай узнагародай