Затрымала злодзея

13 апреля 2011

Затрымала злодзея

 

Вельмі прыемна, што сярод гандлёвых работнікаў нашага раёна ёсць нямала людзей, якія не толькі выдатна спраўляюцца са сваімі прафесійнымі абавязкамі, а і ўмеюць зарыентавацца ў надзвычайных сітуацыях. Алена Жарнасек, прадавец са шматгадовым стажам, вельмі любіць сваю работу і даўно заваявала павагу і аўтарытэт сярод сваіх калег. Аднак, напэўна, сама жанчына не ўяўляла, што ёй як сапраўднаму ахоўніку правапарадку прыйдзецца затрымліваць правапарушальніка.

 ...У раённы аддзел унутраных спраў паступіла паведамленне, што злодзей спрабаваў украсці з магазіна пару зімовых ботаў. Учыніць крадзеж спрабаваў 30-гадовы мужчына, які за апошнія пяць год больш за трыццаць разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за дробныя крадзяжы, а таксама тройчы -- да крымінальнай адказнасці. У гандлёвай зале ён адразу выклікаў падазрэнне ў прадаўцоў. І яно не было беспрычынным. Мужчына адкрыта вынес са складскога памяшкання пару жаночых ботаў коштам 390 тысяч рублёў. Убачыўшы гэта, Алена Пятроўна не разгубілася, дагнала яго і затрымала. Як работнікі міліцыі, так і супрацоўнікі магазіна былі прыемна ўражаны мужнасцю і рашучасцю прадаўца. Ведаючы, наколькі небяспечна змагацца са злачынцам, Алена Пятроўна перамагла ўнутраны страх. Яе настойлівасць, рашучасць збянтэжылі злодзея. Яму нічога не заставалася рабіць, як прызнаць сваю віну.

 Для таго, каб выказаць Алене Пятроўне шчырыя словы ўдзячнасці за мужны ўчынак, магазін СТАА “Белвест” наведаў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі Мікалай Латышаў.
-- Немагчыма не захапляцца тым, што ў сферы гандлю працуюць такія смелыя, адважныя і адданыя сваёй справе людзі, якія ў любы момант змогуць аказаць дапамогу работнікам міліцыі, -- адзначыў Мікалай Віктаравіч.
Начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў выказаў Алене Жарнасек найлепшыя пажаданні і ўручыў ёй Падзячнае пісьмо за грамадзянскую мужнасць і свядомасць, якія былі праяўлены пры затрымцы правапарушальніцы, шыкоўны букет кветак і грашовую прэмію.
-- Як жа пачынаўся ваш працоўны шлях у гандлі? -- пытаюся ў Алены Пятроўны.
-- Працаваць прадаўцом я марыла з дзяцінства, -- прызнаецца Алена Пятроўна. -- Нарадзілася і вырасла ў вёсцы Стаі, тут жа скончыла сярэднюю школу і падала дакументы ў Полацкае кааператыўнае прафтэхвучылішча.
Вучоба па спецыяльнасці ў Алены Пятроўны выклікала асаблівую цікавасць. Па размеркаванню яна прыехала працаваць на родную Лепельшчыну ў 1989 годзе. Была прадаўцом на розных гандлёвых прадпрыемствах, у прыватным гандлі. У магазіне СТАА “Белвест” Алена Пятроўна працуе ўсяго другі год.
-- Як вам удалося перамагчы страх у час затрымання правапарушальніка?
-- Ведаеце, калі заўважыла, што ўчынены крадзеж, у першую чаргу думала аб тым, што злодзея трэба затрымаць. Даганяючы яго, нават не думала аб небяспецы. Наогул, па жыцці заўсёды змагу пастаяць за сябе, сваіх родных, блізкіх і сяброў.
Поспеху Алены Пятроўны ад усёй душы парадаваліся не толькі яе калегі, а і родныя, блізкія людзі. Яе муж Аляксандр Стэфанавіч звязаў сваё жыццё з будаўніцтвам дарог, працуе ў ДРБУ-202. Тут жа працуе і старэйшы сын Сяргей, якому споўнілася 20 год. Ва ўсім бярэ прыклад у дарагой матулі дачушка Ірына, якая вучыцца ў шостым класе сярэдняй школы № 1.
Алена Пятроўна з аптымізмам пераадольвае усе жыццёвыя цяжкасці, любіць працу, шчыра і адкрыта ставіцца да людзей. У гэтым і захоўваецца сакрэт яе працоўнага поспеху. І няхай так будзе заўсёды.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
На здымку: Алена Жарнасек прымае віншаванні.
Фота аўтара